«Антыпрэмія» для чыноўнікаў, следчых і будаўнікоў


Арганізатары кінафестывалю WATCH DOCS Belarus разам з партнёрамі з ініцыятывы «Горад для гараджанаў» абвесцілі «антыпрэмію», на якую прэтэндуюць дзевяць намінантаў: дзяржаўныя органы, якія звязаныя парушэннем правоў чалавека, у тым ліку і на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

«Антыпрэмія» не ставіць за мэту адлюстраваць стан правоў чалавека ў краіне, але абазначыць правы чалавека і межы ў публічнай прасторы, садзейнічаць змене паводзінаў і ўключэнню ў дыскурс звычайных людзей, – адзначаецца ў заяве арганізатараў.

«Мы ведаем, што ставім перад сабой вельмі тонкую і складаную задачу – тонка высмеяць. Мы імкнемся паказаць на моманты, якія можна палепшыць, на якія варта звярнуць увагу. Мы выступаем за цывілізаваны дыялог. Таму прадстаўнікі ведамстваў, адзначаных у нашым спісе, мы запросім на ўручэнне нашай медалі падчас закрыцця фестывалю», – паведамляе сайт watchdocs.by.

Усяго на антыпрэмію намінаваныя дзевяць арганізацыяў і ўстановаў.

  • Спецкамбінат КБА. Улетку сёлета арганізацыя распачала «добраўпарадкаванне» вайсковых могілак па вул. Казлова ў Менску, у выніку чаго былі знесены дзясяткі надмагільных помнікаў і агароджаў.
  • «Менская спадчына». У 2018 «Менская спадчына» правяла «залатую» рэканструкцыю вул. Камсамольскай у Менску: гранітная плітка даражэй рынкавага кошту, гадзіны за 30 тысяч долараў, 600 слупкоў, каб машыны не ездзілі, за 70 тысяч долараў і г.д.
  • Беларуская праваслаўная царква. За бульдозерную «рэканструкцыю» гістарычнага будынку ў Ракаўскім прадмесці. Улетку 2018 г. БПЦ знесла бульдозерамі будынак са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці па вул. Вызвалення, 6 дзеля будаўніцтва духоўна-асветніцкага цэнтра з храмам.
  • Адміністрацыя Першамайскага раёна Менску. За словы намесніка старшыні кіраўніка адміністрацыі, Васіля Касаўца, на грамадскім абмеркаванні: »Нікога не цікавіць, што вы думаеце! Вас сабралі, каб праінфармаваць«. Гэта фраза дэманструе пагарду чыноўнікаў да працэдуры грамадскага абмеркавання, меркаванні жыхароў і іх патрэбаў.
  • «Зелянбуд». За знішчэнне знакамітай вярбы ля парка Горкага, і за сотні іншых дрэваў знішчаных па ўсім горадзе арганізацыяй, мэта і задачы якой – ахоўваць дрэвы.
  • Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. За тое, што лічаць грамадзянаў, якія выплацілі падаходны падатак, дармаедамі.
  • Следчы камітэт. За «Справу БелТА». За ціск на журналістаў, за штрафы і за тое, што галоўнаму рэдактару парталу TUT.BY Марыне Золатавай было адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу.
  • Менскі раённы выканаўчы камітэт. За горадабудаўнічыя маніпуляцыі ў Бараўлянскім с / с. Для рэалізацыі сваіх планаў Менрайвыканкам плануе высечы 4,8 гектар рэкрэацыйнага лесу для будаўніцтва сацінфраструктуры. Усё гэта адбываецца на фоне падману Менрайвыканкама пра адсутнасць свабодных пляцовак пад сацаб’екты, зацягвання будаўніцтва дзіцячага саду на суседнім з лесам участку і на фоне масавых пратэстаў мясцовых жыхароў супраць вырубкі лесу ў Бараўлянах.
  • Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму. За знос кінатэатра »Авангард«, сімвала менскай Грушаўкі, насуперак думку гараджанаў.

Пакуль лідарам галасавання зʼяўляецца Менскі раённы выканаўчы камітэт. Цырымонія ўручэння адбудзецца 16 снежня ў Менску ў ОК16 (Кастрычніцкая, 16).

Прагаласаваць можна тут

Аб’ектыў
Як «дармаедам» абараніць свае правы
2018.12.05 21:55

СК, belsat.eu

Стужка навінаў