Андрэй Елісееў: у Беларусі 200 тысяч перахварэлі або хварэюць на COVID-19


У Беларусі заніжаюць статыстыку па лятальнасці ад каронавіруса. Якія звесткі пра COVID-19 публікуе Міністэрства аховы здароўя, а якія не? Як можна вывесці прыблізную рэальную лічбу хворых? Ці ўлады Беларусі выкарыстаюць эпідэмію як у Азербайджане? Інтэрв’ю з Андрэем Елісеевым, палітолагам, дырэктарам даследчага цэнтру «EAST». Эксперт аналізуе дзеянні ўладаў Рэспублікі Беларусь у супрацьдзеянні эпідэміі.

Падчас нарады з міністрам аховы здароўя Аляксандр Лукашэнка сказаў, што найбольш усіх цікавіць паказнік смяротнасці ад каронавіруса, і паводле гэтага паказніку мы найлепшыя ў свеце. Афіцыйна ў Беларусі ад COVID-19 памерлі 185 чалавек. Адкуль такая неверагодна нізкая статыстыка, у чым яе сакрэт?

Я лічу, што беларуская статыстыка лятальнасці ад каронавіруса заніжаная. Пытанне – у колькі разоў. Я б звярнуў увагу на іншую заяву Лукашэнкі – пра тое, што людзі забудуць статыстыку, але ўсе мусяць адказваць галавою за смяротнасць. Я лічу, што чыноўнікам трэба звярнуць увагу на тое, каб лічбы смяротнасці не былі надзвычай высокія. Сапраўды, Беларусь уваходзіць у дзясятку краінаў з найменшым паказнікам смяротнасці. І калі ўзяць параўнальныя ў колькасці каронавіруснай інфекцыі ды ў насельніцтве еўрапейскія краіны, Швецыю і Швейцарыю, – Беларусь іх ужо абагнала ў ліку выпадкаў, а колькасць смерцяў большая там у 15–25 разоў. Я дапускаю, што з шэрагу прычынаў гэтыя краіны могуць абыходзіць Беларусь у 2–3 разы, але ніяк у 15–25 разоў.

ВІДЭА
Зянон Пазняк: Будуць дзясяткі тысяч смерцяў
2020.05.18 11:52

Ці ёсць нейкія звесткі, якія хаця б ускосна могуць сведчыць пра рэальны памер эпідэміі ў Беларусі? Напрыклад, колькі людзей у шпіталях, або паказнікі пнеўманіі, што прыпісваюць заражаным COVID-19, не выстаўляючы праўдзівага дыягназу?

Калі ўзяць лік шпіталізацыяў, звязаных з пнеўманіяй, адсюль можна вывесці прыблізную лічбу ўсіх захворванняў. Вядома, што каля 15–20 % выпадкаў патрабуюць шпіталізацыі. Таму калі гэтую лічбу адпаведна памножыць на 5–7 разоў, можна прыблізна ўяўляць сабе лічбу хворых. Іншы метад – можна арыентавацца, наколькі заніжаныя лічбы рэальных захворванняў у параўнанні з тымі, якія выяўляюцца. Кітайскія даследаванні паказваюць, што гэтыя звесткі заніжаныя ў 6–9 разоў. Гэтак адбываецца ва ўсіх краінах, пытанне толькі, у колькі разоў. Выключэнне – Ісландыя, там вельмі маштабнае тэставанне, таму гэты разрыў не такі вялікі. Таму можна памножыць вядомую лічбу, 30 тысячаў. Гэта ж таксама расцягнута ў часе, і частка людзей ужо выздаравела, але тым не менш – можна зрабіць выснову, што на гэты момант колькасць людзей, якія перахварэлі або хварэюць, дасягнула хіба 200 тысячаў.

Калі паглядзець міжнародныя навіны ў розных краінах, галоўная навіна для большасці – колькасць захварэлых за дзень. Беларускае Міністэрства аховы здароўя не падае такіх звестак, толькі агульную колькасць захварэлых. Мы мусім узяць калькулятар і палічыць самі. Чаму ўлады не афішуюць гэтай лічбы і гэтак баяцца парогу – 1000 захварэлых на содні?

Гэта псіхалагічны бар’ер. Беларусь ужо ў дзясятцы еўрапейскіх краінаў у колькасці выяўленых выпадкаў у абсалютным значэнні ды на душу насельніцтва, калі не браць мікрадзяржаваў кшталту Ватыкану. Асабліва пасля таго, як было прынятае рашэнне аб правядзенні параду. Рэч у тым, што перавышэнне 1000 выпадкаў будзе сведчыць і трактавацца людзьмі як шкоднае рашэнне [правесці парад. – Рэд.]. Таму я лічу, гэты барʼер уплывае на чыноўнікаў.

Трэба мець на ўвазе, што колькасць выяўленых выпадкаў, – гэта толькі доля рэальных выпадкаў, і тут можна глядзець статыстыку аб колькасці шпіталізацыяў. На жаль, і яе ўлады Беларусі не даюць рэгулярна. Мы вылоўліваем гэтую інфармацыю з рэдкіх каментароў у афіцыйных медыях.

Днямі канал СТВ праводзіў ток-шоу па тэме каронавіруса, там была заяўленая апошняя лічба. Наколькі я ведаю, траціну ўсіх ложкаў выдзелілі на каронавірусных хворых. З іх каля 75-80 % ужо занятыя. Даводзіцца ўвесь час рабіць калькуляцыі ды арыфметычныя маніпуляцыі, каб у выніку высветліць гэтую лічбу.

ВІДЭА
Лукашэнка падстаўляе Еўропу. Беларусь трапіць у чорныя спісы?
2020.05.04 16:01

Чаму ўладам гэтак важна, каб мы не ведалі рэальных маштабаў і лічбаў эпідэміі?

Уладам Беларусі важна абгрунтаваць слушнасць рашэнняў Лукашэнкі дзеля мінімізацыі рызыкі ды паказаць, што прынятыя рашэнні (а гэта фактычна кепскае інфармаванне людзей і вельмі абмежаваныя захады сацыяльнага дыстанцыявання) – слушныя. Белдзяржтэлеканалы бясконца гавораць, што Беларусь стала адной з разумнейшых краінаў свету, якая адрозна і ад заходніх краінаў і ад Расеі, дзе прынялі драконаўскія, але слушныя захады, не пайшла такім шляхам. Але праявіла сябе з лепшага боку. Пагатоў адбываецца прэзідэнцкая кампанія, таму гэта чыста палітычныя развагі кіраўніцтва.

Што выйграе Лукашэнка, пачынаючы і ладзячы гэтую прэзідэнцкую кампанію падчас пандэміі?

Ён праводзіць вельмі рызыкоўную гульню. Я называю гэта стратэгіяй «авось». Ён спадзяецца, што каронавірусная інфекцыя паддасца сезоннаму змяншэнню. Гэта неаднаразова казалі чыноўнікі ад аховы здароўя. Але ў свеце няма навуковага пацверджання, што гэта адбудзецца. Калі раптам такога не адбудзецца, ідзе вельмі рызыкоўная стратэгія. Гаворка пра здароўе і жыццё людзей. Лукашэнка верыць, што будзе натуральнае змяншэнне праз сезоннасць, і гэта само сабой развяжацца. Ён стварае і сабе палітычныя рызыкі, але перадусім здароўю людзей, бо калі сезоннага спаду не будзе, то паступова, але непазбежна мы дасягнем максімальнай загрузкі сістэмы аховы здароўя, калі пацыенты проста не змогуць мець таго самага ўзроўню догляду, які б яны атрымалі ў нармальнай сітуацыі.

ВІДЭА
Ці каранцін у Беларусі ўводзіць ужо позна?
2020.05.02 08:13

Або калі немагчыма будзе трапіць у шпіталь. Такое часта здаралася ў іншых краінах. Дасягалі піку – і медычныя службы не вытрымлівалі. Цяпер ідзе выбарчая кампанія, з’явіліся кандыдаты. Наколькі прасцей кантраляваць людзей і зменшыць гэтую кампанію падчас эпідэміі? Ці будуць улады рабіць пэўныя захады, каб абмежаваць дасяг для іншых кандыдатаў?

Тут палітычна ёсць і плюсы і мінусы для кіраўніцтва Беларусі. Мінусы ў тым, калі сітуацыя выйдзе з-пад кантролю і гэта будзе відавочна ўсім, – будзе надзвычай адмоўны палітычны імідж. З іншага боку, улады могуць усяляк выкарыстоўваць гэтую эпідэмію на сваю карысць. Напрыклад, сцвярджаць, што давераныя асобы кандыдата або самі кандыдаты мусяць ізалявацца, бо кантактавалі з захварэлым чалавекам. У Азербайджане Аліеў наўпрост сказаў, што азербайджанская апазіцыя – пятая калона, якую трэба ізаляваць падчас эпідэміі. Узмацнілі рэпрэсіі, пасадзілі тузін актывістаў. Таму калі эпідэмічная сітуацыя будзе развівацца ў кепскім рэчышчы, я дапускаю, што ўлады могуць звярнуць увагу на азербайджанскі прыклад. Але ім замінае вельмі тонкая замежнапалітычная гульня. Палітычнае і энергетычнае падтрыманне, якое пайшло з Захаду. Яно таксама абумоўленае нейкімі абмежаванымі рэпрэсіямі ў Беларусі.

Ці маем мы шанец на мінімальна празрыстыя выбары? Ці здолеюць прыехаць у Беларусь падчас пандэміі назіральнікі АБСЕ, як можа выглядаць выбарчы працэс?

Наконт назірання, мне здаецца, цяпер сітуацыя вельмі няўцямная. Калі ў Беларусі працягне пагаршацца эпідэмічная сітуацыя, я дапускаю, што не будзе міжнароднага назірання. Прынамсі, з боку АБСЕ, з Еўрапарламенту, нават з СНД удзел назіральнікаў будзе пад пытаннем. Цяпер нават цяжка прадказаць, як будзе выглядаць унутранае назіранне ў Беларусі. Ці не зробяць улады гэты працэс абсалютна цыркавым, ці дапусцяць беларускіх назіральнікаў? Вельмі цяжка сказаць нешта адназначна.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 22.05.2020

Іншыя тэмы праграмы:

 

 

 

 

Стужка навінаў