$ 150 000 хабару – неафіцыйная версія затрымання экс-кіраўніка службы бяспекі Лукашэнкі


У Менску супрацоўнікі КДБ затрымалі намесніка Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Андрэя Уцюрына. Пра гэта паведаміў у сваім «Telegram’е» влогер NEXTA.

«Пра гэта нам было вядома яшчэ некалькі дзён таму, але мы прытрымалі інфармацыю ў чаканні пацверджання», – паведамляе NEXTA.

«Афіцыйная прычына затрымання – хабар у асабліва буйным памеры ($ 150 000). А неафіцыйная – нельга так сябраваць з высокапастаўленымі чыноўнікамі Расейскай Федэрацыі, калі адносіны з ёй не самыя лепшыя», – піша NEXTA.

Катэдж Уцюрына ў Драздах-2 апячатаны. У КДБ і Савеце бяспекі не каментуць інфармацыю пра затрыманне высокапастаўленага былога «целаахоўніка» Лукашэнкі.

Раней Уцюрын быў кіраўніком упраўлення асабістай аховы Службы бяспекі прэзідэнта. Пазней ён узначаліў гэтую структуру. Пасаду намесніка кіраўніка Савета бяспекі займаў з кастрычніка 2014 года.

Уцюрын быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III і II ступеняў, ордэнам «За службу Радзіме» III ступені.

Таксама пра затрыманне Андрэя Уцюрына паведамляюць крыніцы «Нашай Нівы» і «TUT.BY». У прэсавай службе КДБ выданням адмовіліся каментаваць затрыманне Уцюрына. Пра затрыманне намесніка Дзяржсакратара Савета Бяспекі паведамляе і польская агенцыя PAP.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў