Якія цяпер пенсіі ў Беларусі?


У Беларусі ў органах па працы, занятасці i сацыяльнай абароне ў студзені 2019 году на ўліку знаходзілася 2,561 мільёнаў пенсіянераў па ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля. Гэта 27 % насельніцтва краіны. Сярэдні памер пенсіяў у гэтым месяцы склаў: па ўзросту – 393.3 рублёў, па інваліднасці – 346.3 рублёў, па прычыне страты карміцеля – 259.6 рублёў, сацыяльных пенсіяў – 198.7 рублёў. Сярэдняя пенсія ўсіх катэгорый яе атрымальнікаў – 381,17 рублёў.

У апошні час (недзе з красавіка 2018 году) назіраецца даволі істотны рост памеру пенсіяў. Сённяшняя сярэдняя па краіне велічыня ўсіх пенсіяў намінальна на 21,3 % большая, чым яна была год таму, у студзені 2018 году, і, вядома, з’яўляецца цяпер гістарычна максімальнай па сваім абсалютным памеры.

Растуць пенсіі і ў доларавым эквіваленце: за год яны выраслі ў доларах на 11,7 % і склалі ў студзені 2019 году 177 долараў (сярэдняя пенсія ўсіх катэгорыяў). Але гэта далёка не самы вялікі доларавы памер беларускіх пенсіяў: сённяшні іх эквівалент – гэта ўзровень 3,5-гадовай даўніны, а рэкордны, 245 долараў, быў у канцы 2014 году, перад крызіснай дэвальвацыяй рубля, якая і абваліла доларавую велічыню пенсіяў у 2015 годзе. Хутка сталі расці пенсіі і ў рэальным выглядзе, з улікам спажывецкай інфляцыі: намінальны іх рост за год больш чым на 20 %, у разы больш гадавой спажывецкай інфляцыі, якая ў студзені 2019 году склала 5,8 %. У выніку і атрымаўся сённяшні 14,6 % рэальны рост сярэдняй па краіне пенсіі.

Сённяшні рэальны рост беларускіх пенсіяў – яшчэ не самы моцны: у апошнім 10-годдзе быў рост на дзясяткі адсоткаў (у 2012-13 гадах). Але гэта быў аднаўленчы рост пасля наймацнейшага рэальнага падзення ў крызіс 2011 году, калі іх пакупніцкая здольнасць упала больш чым на 20 %. У выніку моцнага намінальнага і рэальнага росту пенсіяў у апошнія паўгода, цяперашні памер пенсіяў перавысіў па пакупніцкай здольнасці пенсіі 2013-14 гадоў, якія тады сталі самымі вялікімі ў рэальным выглядзе. Так атрымліваецца зыходзячы з афіцыйных звестак Белстату па ўзроўні спажывецкай інфляцыі.

Але калі адлюстраваць пенсіі ў бюджэтах перажытачнага мінімуму пенсіянера (БПМп), то яны на сёння так пакуль і не дасягнулі рэальнага, у такім выглядзе, рэкорднага ўзроўню, які быў зафіксаваны ў 2013 годзе. У студзені 2019 году сярэдняя па краіне пенсія (усіх катэгорыяў яе атрымальнікаў) была памерам у 2,325 БПМп. У 2013 годзе яна складала 2,5 БПМп.

Прычына такога «разнабою» у вызначэнні рэальнай пенсіі ў тым, што рост кошту спажывецкага кошыку пенсіянера ў рамках БПМп большы, чым спажывецкі кошык, паводле якога Белстат вызначае агульную па краіне інфляцыю. Гэта – ці праз тое, што тавары і паслугі, якія набываюцца пенсіянерамі, выраслі ў кошце больш, чым астатнія (гэта значыць для пенсіянераў спажывецкая інфляцыя вышэй) або адбываюцца змены ў самым наборы тавараў і паслуг кошыка БПМп, фізічна якія прыводзяць да яе падаражэння.

СК, belsat.eu, паводле banki24.by

Стужка навінаў