«Я білася плячом у дзверы і праклінала Наваросію». Эксклюзіўнае інтэрв’ю баявічкі Наталлі Красоўскай з Барысава


Belsat.eu адшукаў самую вядомую беларуску – баявічку ДНР, Наталлю Красоўскую з Барысава, якая летам 2014 года перадавала прывітанне Лукашэнку з фронту. У эксклюзіўным інтэрв’ю Красоўская ўпершыню распавяла, як яе катавалі «апалчэнцы», выкарыстоўвалі прапагандысты і затрымлівалі беларускія праваахоўнікі.

«Хачу перадаць прывітанне Бацьку Рыгоравічу і сказаць: Бацька – твае грамадзяне на гэтым баку», – гаворыць жанчына ў вайсковай форме з георгіеўскай стужкай і называецца Наталляй Красоўскай з Барысава, пазыўны Сонейка. На яе камуфляжы – дзяржаўная сімволіка Беларусі, у руках – беларускі пашпарт. Гэта кадры з растыражаванага рэпартажу спецкораў расейскага выдання «Комсомольская правда» Дзмітрыя Сцешына і Аляксандра Коца, які быў зняты непадалёк ад занятага баевікамі Славянска ў траўні – чэрвені 2014 года.

Тым летам у інтэрнэце з’явілася яшчэ некалькі відэаролікаў з удзелам Красоўскай, запісаных ваенкорам баевікоў Генадзем Дубавым. У адным з такіх відэа закадравы голас называе беларуску снайперам. На нашае пытанне, ці сапраўды яна была снайперам, Дубавы адказаў:

У жніўні шэраг медыяў паведамілі: Красоўская нібыта загінула на Данбасе. Прыкладна праз тры месяцы Наталля ўжо выступала на мітынгу ў падтрымку «Наваросіі» ў Маскве. Беларускія журналісты намагаліся адшукаць ейныя сляды ў Барысаве, аднак беспаспяхова.

Праз аднаго з паплечнікаў Стралкова, Міхаіла Палынкова, мы даведаліся актуальныя кантакты Наталлі Красоўскай. Цяпер 38-гадовая беларуска пастаянна жыве ў Маскве. І, хаця гутарка адбывалася па тэлефоне, няма падставаў сумнявацца, што гэта была менавіта Наталля: голас у слухаўцы адпавядаў голасу на відэароліках з сеціва. Акрамя таго, суразмоўца даслала тыя фота, якія мы адмыслова папрасілі.

Гэтак Красоўская выглядае цяпер. Фота яна даслала па просьбе журналісткі belsat.eu

«Я была дзяўчынкай-хіпушкай»

Пра сваю цывільную прафесію і адукацыю Наталля гаварыць адмаўляецца. Замужам яна не была, жыла ў Барысаве ў доме бацькоў. Увесну 2014 года жанчына стала рэгулярна глядзець навіны па расейскіх тэлеканалах і ў нейкі момант вырашыла ўбачыць усё, што адбываецца на Данбасе, на ўласныя вочы.

«Яшчэ ў 2009 годзе я пазнаёмілася з хлопцам у Кіеве, ён працаваў ахоўнікам у Вярхоўнай Радзе і любіў пантавацца: распавядаў, як дзесяць гадоў таму быў у Чачэніі. Казаў: «Ты б, Натка, аба***лася, калі пачула паблізу гукі танкаў». І калі ўсё гэта пачалося на Данбасе, мне з прынцыпу захацелася даказаць сабе самой, што я змагу, не пабаюся сапраўднай вайны.

Раней я заўжды была такой дзяўчынкай-хіпушкай: насіла этнакашулі, пацеркі-бранзалеткі самаробныя… У такім выглядзе і паехала, рэчы ўзяла па мінімуме ў палатнянай торбе. Цягнулася без адзінага лозунгу ў галаве, чыста паглядзець. Трэцяга траўня я выехала з Барысава, праз Смаленск і далей, на Растоў», – распавядае Красоўская.

Першапачаткова Красоўская запланавала сабе неардынарны маршрут: праз Растоў і Данбас, дзе збіралася «трошкі паглядзець вайну», дабрацца да сяброў і таго мужчыны ў Кіеве. Каб трапіць у зону баявых дзеянняў, беларуска прыдумала легенду, быццам яна едзе дапамагаць параненым у краматорскі шпіталь.

«У Навашахцінску, на мяжы, расейцы адвялі ўбок, пытаюцца, куды едзеш. Медсястрой працаваць, кажу. А вы падтрымліваеце? «Так, бл*, капец як падтрымліваю!» Прапусцілі. Украінцам я прызналася: еду на экскурсію. Пасля мяжы я апынулася пасярод поля: ні людзей, ні дамоў, нуль цывілізацыі. Спынілася фура – там мужык, лае матам усіх і ўся. «Дзяўчынка, куды ты прэш? Давай падвязу», – узгадвае Наталля.

Паводле яе слоў, на перакладных яна дабралася да ваколіцаў Славянска – пасёлку Чараўкоўка. На ўездзе стаяў блокпост «апалчэнцаў». Наталля сцвярджае, што там яе і затрымалі.

Красоўская на мітынгу ў Маскве восенню 2014 года, скрыншот neuromir.tv

Берыя ў падвале

Варта адзначыць, што падчас інтэрв’ю гаворка ў Наталлі была вельмі нервовая. Яна магла некалькі разоў паўтараць адно і тое ж, беспрычынна зрывацца ў смех або праяўляць агрэсію. Імаверна, такі адбітак пакінулі перажыванні, якія выпалі на яе долю.

«Пасля ўсіх праверак да мяне падышла раптам баба ў форме і зноўку запатрабавала дакументы. Я паўтарыла гісторыю пра медсястру, а яна сказала пачакаць, пакуль пад’едуць людзі – ім я яшчэ раз павінна буду растлумачыць, навошта і куды еду.

Адвозяць з рэчамі на Славянскую СБУшку [захоплены баевікамі будынак Службы бяспекі Украіны ў Славянску. – Belsat.eu]. Заводзяць унутр, я ўбачыла крэсла і вельмі захацела прысесці. Толькі сядаю – на мяне хорам равуць некалькі ўзброеных мужчын: «Рукі за спіну!» Завязваюць вочы і адводзяць у падвал. Гэта было 7 траўня».

Баевікі ў Славянску, 2014 год. Фота «Reuters»

Прычыну затрымання Наталлі не патлумачылі. Яна сама не разумее, чаму апынулася ў падвале. Магчыма, сказала на блокпосце нешта рэзкае або паспрабавала сысці, калі адчула небяспеку. Паводле слоў беларускі, «апалчэнцы» кінулі яе на драўляныя дошкі і пачалі збіваць.

«Я ляжала са звязанымі нагамі, хадзіла пад сябе, а мяне пі****лі [збівалі] без канца. Пацанчык, маладзейшы за мяне гадоў на дзесяць, пухнаты такі, над вухам электрашокерам пстрыкаў. Пазыўны ў яго быў Берыя. Калі яны сыходзілі, я падпаўзала да дзвярэй, білася аб іх плячом і праклінала іх да дваццатага калена. Крычала: «Ненавіджу, каб вы здохлі з вашай Наваросіяй!» Гэта цягнулася двое содняў».

9 траўня, калі баевікі зладзілі ў Славянску святкаванне Дня Перамогі, і, верагодна, былі нападпітку, да Красоўскай спусціліся ў падвал, развязалі ногі і знялі кайданкі. Наталлю і яшчэ аднаго затрыманага пагрузілі ў машыну і адвезлі на той жа блокпост у Чараўкоўцы. Там яе перадалі медыкам. Красоўскую паклалі ў Славянскі гарадскі шпіталь з дыягназам «змяшчэнне міжпазваночнага дыску» і «апушчэнне левай ныркі». Жанчына сцвярджае: гэта – наступствы двухдзённага збіцця. У пацверджанне сваіх словаў яна даслала нам фота, зробленыя на бальнічным ложку. Драпіны і кровападцёкі на запясцях вельмі падобныя да слядоў ад кайданкаў.

Пра тое, што Наталля пабывала ў засценках баевікоў, сведчыць і перапіска Міхаіла Палынкова са сваім паплечнікам, дзе апошні кажа: «Яна прайшла ўсе кругі пекла, пачынаючы ад нашага «НКВД».

«Цяпер ты ў спісах нашага атраду»

«Як ачуняла, камандзір з пазыўным Егер сказаў: усё, ты цяпер у спісах нашага атраду. Да мяжы з Расеяй, кажа, не паспееш дабегчы. Да ўкраінцаў сунешся – перадамо звесткі, што ты ваявала. Так я засталася на Чараўкоўцы ў якасці дзяўчынкі для біцця. Усе мяне прыніжалі, апускалі», – скардзіцца Красоўская.

Які атрад яна мае на ўвазе – дакладна не вядома. Хутчэй за ўсё, гаворка проста пра разнамасных байцоў «народнага апалчэння». На пачатку чэрвеня Наталля даведалася, што ў атрадзе збіраюць добраахвотнікаў капаць акопы ў пасёлку Сямёнаўка, які на той час збольшага кантраляваў батальён «Спарта» пад кіраўніцтвам Матаролы.

Менавіта там яна пазнаёмілася з Генадзем Дубавым, які ў адным з відэаінтэрвʼю назваў яе снайперам. Сёння Красоўская сцвярджае, што ніколі не была снайперам, а выконвала розныя даручэнні кшталту падачы боепрыпасаў, але прызнаецца: «Людзей забіваць таксама даводзілася». Пры якіх абставінах забівала – Красоўская ўдакладняць катэгарычна адмаўляецца. Таксама падчас гутаркі яна перыядычна намякае, што пацярпела ад сексуальных дамаганняў з боку баевікоў.

Красоўская заяўляе пра катаванні ў ДНР, аднак на гэтым фота, зробленым летам 2014 года, яна выглядае шчаслівай

Калі верыць словам жанчыны, яна дэ-факта апынулася ў становішчы закладніцы. Тым не менш, стасункі ў «Спарце» склаліся лепей.

«Праз некаторы час я ўжо піла з камандзірамі гарэлку», – кажа яна.

«Чароўныя рэчывы і сто-пяцьсот дубляў». Як здымалі вядомае відэа з прывітаннем Бацьку

У раёне Сямёнаўкі Красоўскую сустрэлі спецкоры «КП». Паводле словаў Наталлі, тыя прымусілі яе сказаць на камеру, што за «Наваросію» ваюе шмат замежнікаў, у тым ліку беларусаў.

«Гэта былі чароўныя рэчывы і сто-пяцьсот дубляў. Нам давалі заспакаяльныя таблеткі, нейкую наркату. Прасілі раздаваць байцам, каб не шарахаліся снарадаў. Ад іх ходзіш спакойны, як удаў. Тады мяне і сустрэлі Сцешын і Коц. Мне проста сказалі: кажы на камеру, што тут шмат замежных грамадзянаў, шмат беларусаў, дастань пашпарт. Адмовіцца ад гэтага «інтэрвʼю» было проста нельга. Ну а што рабіць? Паспрабуй вякні, дык табе скажуць – ты што, за Украіну? Здыхаць не хацелася».

Мы двойчы спрабавалі звязацца з Дзмітрыем Сцешыным, каб запытаць, ці насамрэч ён выкарыстоўваў такія метады, але той не адрэагаваў на паведамленні.

Верагодна, з Красоўскай хацелі зляпіць гераіню для расейскай прапаганды: маўляў, ваявала «супраць фашыстаў», жанчына, да таго ж з «братняй Беларусі». Менавіта гэтым імкненнем можна патлумачыць шматлікія відэаінтэрв’ю з ёй і тое, што Наталлю прыцягнулі на мітынг у Маскву восенню 2014-га. «Снайпер Сонейка была найбольш папулярным у медыях персанажам з усіх беларусаў – баевікоў ЛДНР. Але нешта пайшло не так, і пра яе забыліся.

«На пытанні адкажу. Толькі цыгарэт пачак дай»

Наталля канчаткова пакінула Данбас у снежні 2014 года. Дзякуючы дапамозе Палынкова і некаторых экс-байцоў яна перабралася жыць у Маскву. Кажа, што працаваць не можа па стане здароўя, ёю апякуецца яе каханы мужчына.

Летам 2016 года Красоўская вырашыла «наведаць маму» ў Барысаве. Наталля сцвярджае, што па прыездзе ў Менск яе неўзабаве затрымалі звычайныя міліцыянты (нібыта за дробнае хуліганства) і змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Дом у Барысаве, які Наталля назвала сваім адрасам. Фота RFE/RL

«Справакавалі канфлікт на вуліцы, павесілі адміністратыўку. Звычайным мянтам кланяцца я не хацела, патрабавала на допыт як мінімум маёра. Заходжу ў пакой, там сядзяць двое. «Будзеце на пытанні адказваць?» Буду, кажу, ты мне толькі цыгарэт спачатку пачак дай, калі хочаш адказы пачуць. І ён даў цыгарэты.

Тады я пачала казаць усю праўду пра ДНР, пра ўсё, што там адбываецца. А мяне спыняюць: гэта нецікава, пра ДНР не трэба. Просіць расказаць дзіўныя рэчы: ці сустракала беларусаў, якія ваююць за Украіну, з кім з праўкраінска настроеных грамадзянаў падтрымліваю кантакт», – распавядае Наталля.

Паводле СБУ, Красоўская не падазраецца ў здзяйсненні злачынства на тэрыторыі Украіны

Паводле словаў Красоўскай, суд пакараў яе 10 соднямі адміністратыўнага арышту, але на «шосты або сёмы дзень павезлі ў вар’ятню», адкуль яшчэ праз некалькі дзён жанчына самастойна паехала дадому, а потым вярнулася ў Маскву. Падобна, што ў ізалятары яна насамрэч апынулася выпадкова.

Праз закрытасць беларускіх сілавых структур ад недзяржаўных журналістаў атрымаць звесткі пра затрыманне Наталлі не ўяўляецца магчымым. Мы таксама не ведаем, пры якіх абставінах Наталля апынулася ў псіхіятрычным шпіталі і які дыягназ ёй там паставілі.

У Службе бяспекі Украіны belsat.eu паведамілі, што на сённяшні дзень Наталля Красоўская не з’яўляецца фігуранткаю ніводнай крымінальнай справы.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў