Жыхары Менску ў сакавіку значна радзей карысталіся метро, чым у лютым: у параўнанні з мінулым месяцам пасажыраў стала менш на 200 тысяч, паведамляе БелТА.
Як распавялі ў прэс-службе Менскага метрапалітэну, у лютым штодня карысталіся метро каля 800 тысяч чалавек, цяпер гэтая лічба паменшылася прыкладна да 600 тысяч.
Таксама там адзначылі, што зніжэнне пасажырапатоку ніяк не паўплывае на працу метро: цягнікі будуць хадзіць у штатным рэжыме.
Адначасова кіраўніцтва метрапалітэну сцвярджае, што прымае ўсе неабходныя меры, каб засцерагчы пасажыраў ад інфікавання каронавірусам: вагоны метро мыюць і дэзынфекуюць адмысловымі сродкамі, праціраюць поручні, аконныя праёмы, шкло, падлогу. На станцыях таксама рэгулярна апрацоўваюць парэнчы, дзвярныя ручкі, месцы каля кас – усё, да чаго датыкаюцца людзі.
Нагадаем, што Беларусь застаецца адзінай краінай у рэгіёне, дзе дагэтуль афіцыйна не ўведзены каранцін.
КА belsat.eu