Суд Барысаўскага раёну вынес 6 чэрвеня чарговы прысуд у дачыненні да ваеннаслужачага з Печаў, які абвінавачваецца ў здзяйсненні вайсковых злачынстваў.
Як паведамляе сайт Вярхоўнага Суду, сяржант К. (яго імя і прозвішча не называюцца) прызнаны вінаватым у неаднаразовым атрыманні хабараў (ч. 1 і 2 арт. 430 КК), злоўжыванні ўладай (ч.2 арт.455 КК) і парушэнні парадку нясення ўнутранай службы (арт. 454 КК). Яго прысудзілі да пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці.
Гэта ўжо мінімум сёмы прысуд ваеннаслужачаму ў Беларусі за апошнія некалькі месяцаў.
Нагадаем, пасля гібелі ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча былі распачатыя шэраг крымінальных справаў за дзедаўшчыну ў дачыненні да сяржантаў і афіцэраў. Аднак гэтыя судовыя працэсы ніяк не звязаныя са смерцю Коржыча – справа аб яго гібелі вынесена ў асобную вытворчасць.
Паводле Следчага камітэту, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.
ІІ, belsat.eu