Марш ідзе 5 содняў. У Арменіі пратэсты супраць перадачы тэрыторый Азербайджану


У Арменіі людзі з Тавушскай вобласці, якая мяжуе з Азербайджанам, пяць сутак ішлі пешшу да Ерэвана. 9 траўня яны зладзілі акцыю пратэсту каля будынку ўрада. Тысячы чалавек патрабуюць спыніць дэмаркацыю спрэчнай мяжы з Азербайджанам. Раней прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян сказаў, што гэта пагражае новай вайной.

я пратэсту ў Ерэване 9 траўня 2024 года.
Фота: «Вот Так»

Людзі перажываюць, што мяжа будзе праходзіць блізка ад армянскіх сёлаў і лічаць гэта небяспечным. Таксама пратэстоўцаў не задавальняе, што план па пазначэнні мяжы прадугледжвае саступкі тэрыторыі толькі з боку Арменіі. Згодна з дамоўленасцямі Баку і Ерэвана, Арменія павінна перадаць Азербайджану чатыры сёлы ўздоўж мяжы.

Пратэсты арганізаваў рух «Тавуш за Радзіму». Марш ад памежжа да Ерэвана пачаўся яшчэ 4 траўня на чале з арцыбіскупам Тавушскай епархіі Армянскай апостальскай царквы Багратам Галстанянам. Па дарозе да калоны далучыліся аднадумцы.

«Калі вам дарога ваша Радзіма, наша дзяржава, кроў і жыцці нашых пакутнікаў-дзяцей. Якімі б цяжкімі ні былі гэтыя два – тры дні, нам давядзецца прайсці праз гэтыя пакуты, каб праз іх атрымаць перамогу. Іншага шляху няма», – звярнуўся да пратэстоўцаў біскуп.

Паводле ацэнак карэспандэнта «Вот Так», каля будынку ўраду сабралася мінімум 3 тысячы чалавек, якія скандавалі антыўрадавыя лозунгі.

Адзін з пратэстоўцаў, які прадставіўся Генам, дакарае прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыньяна ў перадачы сёлаў.

«Мы кажам “не” яго рашэнню! Для дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы павінен быць спачатку дагавор, потым дэлімітацыя, а затым ужо дэмаркацыя. Пашыньян жа незаконна робіць усё наадварот», – кажа Гена.

Яшчэ адзін чалавек на мітынгу, Андранік, распавёў карэспандэнту «Вот Так», што прайшоў дзве карабахскія войны – у 1990-х і ў 2020-м гадах. Пашыньяна ён назваў здраднікам.

«Армянскі народ не гатовы на яшчэ адны саступкі – мы гатовыя змагацца! Гэта Нікол Пашыньян. Ён разбурыў нашу армію ў 2018 годзе, разагнаўшы старых ваеначальнікаў. І ён адмыслова вядзе антырасейскую палітыку. Гэта дрэнна для армянскага народу. Хто стаіць на мяжы з Турцыяй? Расейскія памежнікі. Ён думае, што еўрапейцы і амерыканцы прыйдуць тут супраць Азербайджану ваяваць? Не!», – кажа мужчына.

Аналітыка
З адпачынку – у самае пекла. Што чакае расейскіх міратворцаў, якіх выводзяць з Карабаху
2024.04.22 07:00

Чатыры сяла трэба вярнуць паводле права

Раней Нікол Пашыньян сказаў, што адмова ад дэмаркацыі і дэлімітацыі мяжы пагражае Арменіі новай вайной. У канцы красавіка, калі Азербайджан і Арменія пачалі дэлімітацыю мяжы, ён заявіў, што мэта працэсу – мірнае суседства.

«Наша мэта складаецца ў тым, каб вы не казалі: “Вай, 50 метраў у той бок Азербайджан”. А каб вы казалі: “Вай, як добра, што за 50 метраў Азербайджан, мы будзем з ім гандляваць…”», – сказаў Пашыньян.

Ён адзначыў, што іншага шляху няма, паколькі вёскі дэ-юрэ – тэрыторыя Азербайджану. І, калі Арменія – гэта прававая дзяржава, то міжнароднае права трэба выконваць.

«Народ, прабачце, але давайце прызнаемся, што апошнія 30 гадоў мы жылі ва ўмовах беззаконня. Цяпер мы кажам: эпоха беззаконня павінна скончыцца – і з нашага боку, і з іх боку», – падкрэсліў Пашынян.

Hавiны
З Нагорнага Карабаху ў Арменію выехала амаль 100 тысяч чалавек
2023.09.29 21:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў