У Міністэрстве здароўя расказалі, чаму людзі атруціліся на гастрафэсце ў Берасці


Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра вынікі эпідэмічнага расследавання выпадкаў захворвання на кішэчныя інфекцыі сярод наведнікаў гастрафэсту ў Берасці. Згодна з ім, атручванне стала наступствам парушэнняў, якія дапусцілі ўладальнікі і работнікі адной з кавярняў.

Кавярня «LE’MAR» у Берасці.
Фота: lemarbrest / Instagram

У прыватнасці, прадстаўнікоў кавярні вінавацяць у невыкананні правілаў тэрмічнага апрацавання страваў, якія рыхтаваліся з сырых эпідэмічна значных прадуктаў, і ў невыкананні правілаў асабістай гігіены работнікамі кавярні, сярод якіх выяўленыя носьбіты інфекцыі.

У сувязі з выяўленымі парушэннямі праца кавярні прыпыненая. Пачатыя адміністратыўныя працэсы адносна службовых асобаў, вінаватых у парушэнні патрабаванняў заканадаўства ў галіне забеспячэння санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва. Матэрыялы эпідэмічнага расследавання будуць перададзеныя ў органы пракуратуры Берасця.

У Берасці падчас гастрафэсту здарылася масавае атручанне амаль двух дзясяткаў чалавек. Людзі, якія каштавалі аднолькавыя стравы ў адной з кавярняў, трапілі ў лякарні з высокай тэмпературай і рэзкім болем у жываце.

Атручанне атрымалі тыя, хто наведваў берасцейскую кавярню «LE’MAR» з 1 да 4 траўня. Усе гэтыя асобы замаўлялі адзін і той жа сэт з чатырох страваў, які, мяркуецца, мог стаць прычынай атручання.

Hавiны
19 чалавек атруціліся падчас «Гастрафэсту» ў Берасці
2024.05.07 18:41

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў