Яшчэ аднаму сяржанту з Печаў вынесены прысуд за дзедаўшчыну


Сёння, 4 траўня, суд Барысаўскага раёну прысудзіў камандзіра аддзялення 1 вучэбнага ўзвода 3 вучэбнай танкавай роты Арцёма Берднік да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяржант Берднік быў прызнаны вінаватым у «Злоўжыванне ўладай, спалучанае з гвалтам» (арт. 455 КК РБ). У вайскоўца таксама будзе канфіскаваная маёмасць, яго пазбавяць вайсковага звання і на працягу 5 гадоў яму будзе забаронена займаць «арганізацыйна-распарадчыя пасады», паведамляе сайт Вярхоўнага суду.

Як піша TUT.by, у войска Арцёма Берднік прызвалі ў траўні 2016 года. Паводле пракурора, падчас службы ў Печах сяржант забіраў у радавых тэлефоны, атрымліваў ад іх каву і цыгарэты, а таксама пабіў аднаго з жаўнераў. На судзе Берднік адмаўляў, што каго-небудзь біў.

Нагадаем, пасля гібелі ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча былі распачатыя шэраг крымінальных справаў за дзедаўшчыну ў дачыненні да сяржантаў і афіцэраў. Некаторым з іх ужо вынесены прысуды. Аднак гэтыя судовыя працэсы ніяк не звязаныя са смерцю Коржыча – справа аб яго гібелі вынесена ў асобную вытворчасць.

Паводле Следчага камітэту, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў