Што там на мяжы перад вялікімі выходнымі?


Сёння на памежных пунктах назіраецца зніжэнне колькасці аўтамабіляў на выезд з Беларусі па ўсіх напрамках: беларусы выязджаюць на вялікія выхадныя. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Григоровщина – Патерниеки / Telegram

Паводле афіцыйнай інфармацыі, размешчанай на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту станам на 14:00 10 траўня, колькасць аўтамабіляў станам на поўдзень 10 траўня на беларускім баку паступова памяншаецца.

Так, на латвійскім напрамку праз пункт «Грыгароўшчына» знаходзіцца 35 легкавых аўтамабіляў, 400 грузавых і 0 аўтобусаў.

Праз два памежныя пункты ў напрамку Літвы наступная сітуацыя: «Каменны Лог» – 70 легкавых, 630 грузавых аўтамабіляў і 0 аўтобусаў. «Беняконі» – 110 легкавых, 420 грузавых і 0 аўтобусаў.

На Польшчу ў памежным пераходзе «Берасце» – 350 легкавых аўтамабіляў і 17 аўтобусаў. На пераходзе «Казловічы» – 800 грузавых аўтамабіляў.

Тым не менш у тэматычных чатах людзі пішуць пра тое, што пераезд усё так жа займае даволі вялікую колькасць часу, бо ў асноўнай масе ў чэргах стаяць тыя, хто прыехаў на мяжу яшчэ 9 траўня.

Паведамленне ў чаце пра пераезд праз Беняконі. Скрыншот з тэлеграм-канала «Бенякони – Шальчининкай»

У той жа час ёсць выпадкі даволі хуткага праходжання мяжы ў бок Вільні праз «Каменны Лог».

На латвійскай мяжы праз «Грыгароўшчыну» ў зоне чакання знаходзіцца каля 40 машын, паведамляюць кіроўцы. Прапускаюць прыблізна па 10 машын у гадзіну.

У польскім напрамку людзі пішуць справаздачы пра тое, што дарога з Беларусі займала да 40 гадзін. Людзі, якія падарожнічаюць аўтобусамі, адзначаюць, што найлепшы варыянт, пад’ехаўшы да мяжы, перасаджвацца ў аўтобус, што стаіць бліжэй да пераходу – у такім разе дарога займае менш часу. Але нават у гэтым выпадку не гарантавана, што ўдасца прайсці яе менш, чым за 5 гадзін.

Паколькі вялікія выхадныя толькі пачынаюцца ў Беларусі, то ахвочых выехаць з краіны значна больш, чым тых, хто хоча вярнуцца. З гэтай прычыны пакуль што абстаноўка на ўезд у Беларусь больш спакойная.

Так, у бок Беларусі з латвійскага напрамку зараз адзначаюць невялікую колькасць машын, перасячэнне абедзвюх межаў займае каля дзвюх гадзін.

З тэрыторыі Польшчы праз памежны пераход «Тэрэспаль» аўтобусам некаторым падарожнікам удавалася прайсці мяжу ад 5 да 7 гадзін.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў