Былая галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава, якая цяпер у зняволенні, стала лаўрэаткай міжнароднай прэміі Ёгана-Філіпа Палма, піша «Deutsche Welle».
Кандыдатуру Марыны Золатавай на гэтую прэмію вылучыла праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Уручэнне прэміі адбудзецца ў снежні 2024 года ў горадзе Шорндорф, Нямеччына.
«Перад абліччам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мераў Марына Золатава паказала сябе як чалавек незвычайнай мужнасці і сумленнасці», – лічаць «Рэпарцёры без межаў» і апякунскі савет фонду «Palm».
Прэмія Ёгана-Філіпа Палма прысуджаецца не больш чым тром лаўрэатам – арганізацыям або асобным людзям, якія праявілі мужнасць і прыхільнасць праўдзе ў сваёй дзейнасці. Разам з Золатавай яе атрымае афганская рэдакцыя «Zan Times».
У лістападзе 2023 года Марына Золатава была таксама намінаваная на прэстыжную прэмію «Рэпарцёраў без межаў» за свабоду прэсы. Палітзняволеная вылучаная ў намінацыі «Адвага».
Раман Шавель belsat.eu