Што рабіць, калі заблукаў у лесе без тэлефону


Жанчына збірае грыбы ў лесе. Ілюстратыўнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

За апошнія два дні ратавальнікі тройчы выязджалі на пошукі людзей, якія заблукалі ў лесе. Дваіх мужчынаў – пад Бешанковічамі і пад Лепелем – знайшлі, а пенсіянерку ў Магілёўскім раёне ўсцяж шукаюць. МНС падказвае збіральнікам ягадаў і грыбоў, як не заблукаць.

Найчасцей праблемы з арыентаваннем у лесе ўзнікаюць у людзей сталага веку. Хтосьці, паблукаўшы 2-3 гадзіны, вяртаецца дахаты сам, кагосьці даводзіцца шукаць з ратавальнікамі і міліцыяй. Штогод у лясах губляюцца дзясяткі беларусаў.

Перад выхадам

Вывучыце карту мясцовасці, вазьміце тэлефон з навігатарам і мінімальную аптэчку, а таксаму ваду, нож, запалкі і свісток – ягоны гук чуваць за 2–3 кіламетры.

Паведаміце сваякам або знаёмым пра меркаваны маршрут і час вяртання, своечасова інфармуйце іх, калі планы змяніліся.

У пахмурнае надвор’е паход лепш адкласці.

Як апранацца

Вопратка і абутак павінныя быць зручнымі і непракальнымі. Папулярныя ў аматараў грыбоў камуфляжныя колеры лепш пакінуць дома. Апранацца ў лес трэба ў яскравае адзенне. Варта ўзяць з сабой чырвоную кепку або хустку.

У лесе

Звярніце ўвагу на сонца, запомніце з якога яно боку. Калі сонца справа, то пры выхадзе ў тым жа напрамку з лесу трэба, каб яно было злева.

Калі вы заблукалі ў лесе, першае, што неабходна, – зарыентавацца на мясцовасці, вызначыць, дзе можна знайсці ваду і агонь, каб засцерагчыся ад холаду і зарганізаваць начлег.

Калі ў вас з сабой тэлефон, набярыце нумар службы выратавання і паведаміце, з якога населенага пункту вы ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце вакол сябе.

Калі апынуліся ў лесе без тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і супакойцеся. Па магчымасці піце ваду і рухайцеся да цэлю.

«Галоўнае – выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадачаў, прасекі і сцяжынкі. Выявіўшы любы з гэтых аб’ектаў, ідзіце ўздоўж яго, і вы абавязкова знойдзеце людзей», – звяртаюць увагу ратавальнікі.

Калі на шляху сустрэўся ручай або рака, ідзіце ўніз па плыні – яна заўсёды прывядзе да людзей. Прыслухайцеся: шум трактара чуваць за 3–4 км, брэх сабакі – за 2–3 км, цягнік – за 10 км. Ідзіце на гук.

Не варта выбірацца з лесу ноччу: калі ўжо цямнее, падрыхуйцеся да начлегу. Для гэтага будзе пасаваць яміна ад вывернутага з коранем дрэва. З галінак зрабіце прытулак накшталт будану і подсцілку з падручных матэрыялаў.

Пад вопратку можна засунуць газетны аркуш – ён зменшыць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дасць лісце, набітае пад вопратку.

Перад начлегам паклапаціцеся, каб тыя, што вас шукае, не прайшлі міма – павесьце на кусты кепку, хустачку або аркуш паперы, абламіце галінкі, каб прыцягнуць увагу.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў