[/vc_column_text][vc_column_text]Традыцыя ўсталявання ў Вербную нядзелю драўлянага крыжа ў Ашмянах не вельмі старая, але з кожным годам збірае ўсё больш мясцовых каталікоў ды прыезджых.
Традыцыю запачаткавалі ў Ашмянах 21 год таму, калі ашмянчукам вярнулі касцёл, забраны раней камуністычнымі ўладамі.
Мясцовыя мужчыны загадзя вырабляюць вялізарны драўляны крыж даўжынёй не менш за 4 метры, які затым у Вербную нядзелю асвячае ксёндз. Пасля ўсеагульнай малітвы працэсія з крыжам, які нясуць мужчыны на плячах, накіроўваецца з касцёлу святога Міхаіла Арханёла па вуліцах Ашмян да гары, якую называюць Святой альбо Галгофай, робячы 14 прыпынкаў – як гэта зрабіў Езус на сваім шляху да распяцця.
Жыхары Ашмян выходзяць з дамоў, каб сустрэць працэсію. Каля сваіх хат яны выстаўляюць упрыгожаныя сталы з абразамі ды крыжамі.
Сёлета на ашмянскай Галгофе ўсталявалі 21-шы крыж, пасля чаго святары і вернікі звярнуліся да Бога, просячы дапамогі. Шмат хто з вернікаў імкнуўся пацалаваць крыж ці дакрануцца да яго рукой, каб наблізіцца да Божай ласкі.
Нягледзячы на тое, што звычай усталёўваць драўляны крыж у Ашмянах даволі малады, штогодняя працэсія яшчэ раз пацвярджае, што прыгожая ды добра арганізаваная традыцыя хутка прыжываецца і лёгка выцясняе савецкую атэістычную спадчыну.
МР, belsat.eu