Праз рост коштаў на візы беларусы стануць менш выязджаць у ЕЗ


2 лютага пачынае дзеяць новы Візавы кодэкс Еўразвязу. З гэтага дня візы ў ЕЗ для грамадзянаў Беларусі падаражэюць да 80 еўраў. Праўда, з чэрвеня ўступіць у сілу дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму, якая прадугледжвае, сярод іншага, зніжэнне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў да 35 еўраў. Але некалькі месяцаў для турыстаў, а таксама і турыстычных фірмаў, сітуацыя будзе не вельмі прыемная. Ужо цяпер некаторыя кампаніі канстатуюць спад колькасці зваротаў.

У Берасці турфірмы фактычна прыпынілі працу

Некаторыя турыстычныя фірмы ў Берасці не ведаюць, як далей будзе развівацца сітуацыя з візамі і фактычна нічым не могуць дапамагчы сваім кліентам. У турыстычнай кампаніі «Крыс» распавялі «Белсату», што ўжо цяпер істотна знізілася колькасць зваротаў:

«Мы пакуль не ведаем, як будзе развівацца сітуацыя. Раней былі палёгкі. А цяпер нават для 12-гадовых дзяцей кошты візы будзе такі ж, як і для дарослых. Таму нават не можам сказаць, з якім настроем нам працаваць надалей. Калі восенню летась нічога не маглі з старымі коштамі зрабіць, то цяпер наагул складаная сітуацыя».

Асноўная праблема, як адзначаюць у кампаніі, адсутнасць магчымасці зарэгістравацца на атрыманне візы на сайце Польскага консульства.

«Мы цяпер не можам дапамагчы людзям, бо нават зарэгістравацца не можам. Калі раней у нас быў асобны доступ да рэгістрацыі, то цяпер, на жаль, не можам. А з боку пасольства ніякіх каментароў няма. Так выглядае, што ім усё роўна», – дадалі ў туркампаніі.

Пашпартны кантроль беларускіх памежнікаў. Фото REUTERS/Vasily Fedosenko/Forum

У турыстычнай фірме кажуць, што цяпер працуюць са стратамі, паколькі няма ніякіх прыбыткаў.

«У нас цяпер аўтобусы проста прастойваюць. Раней таксама студзень-люты былі стратнымі. Але сёлета нават і пасля гэтага перыяду ў нас няма асаблівых ілюзіяў наконт паляпшэння сітуацыі. Нібыта з чэрвеня візы будуць больш таннымі. Але якія патрабаванні – мы пакуль не ведаем. Як на сёння 100 долараў з фізічнай асобы за візу – гэта вельмі шмат. Тым больш, што невядома, якая віза будзе, добра, калі на год ці два. А калі на месяц – то вельмі непрыемна», – дадалі ў кампаніі.

Гарадзенцы спяшаюцца зрабіць візы па старых коштах

А вось у Горадні колькасць ахвочых зрабіць візы цягам студзеня істотна вырасла, распавялі «Белсату» у кампаніі kolybri.by.

«Калі з’явілася інфармацыя пра павелічэнне коштаў на візы, то ў нас павялічылася колькасць зваротаў. Людзі намагаюцца паспець да лютага, пакуль старыя кошты на візы», – распавёў «Белсату» кіраўнік візавага агенцтва kolybri.by Віктар Дучак.

Кіраўнік візавага цэнтру выказвае меркаванне, што з 2-га лютага ў сітуацыі з новымі правіламі нічога не зменіцца, акрамя памеру консульскага збору. Пры гэтым замежныя консульствы дадатковай інфармацыі пра новы Візавы кодэкс Еўразвязу не агучваюць.

Hавiны
МЗС: некалькі месяцаў беларусы будуць плаціць за візы € 80
2019.12.20 19:04

«Вядома, мы чакаем, што колькасць зваротаў зменшыцца. Людзі проста падумаюць, ці патрэбна ім віза. Многія будуць чакаць, пакуль консульскі збор зменшыцца, бо некаторыя падаюць дакументы і на дзяцей. Калі нехта робіць візу асобна, для сябе, мае добры прыбытак, то рост коштаў на 20 еўраў асаблівай ролі не мае. Але ў цэлым мы чакаем, што колькасць зваротаў зменшыцца на 10 – 20 %», – распавёў Віктар Дучак.

Чаму падпісанне дамовы так зацягнулася?

Падпісанне дамовы аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕЗ і Беларуссю зацягнулася праз шэраг момантаў. Меркавалася, што дакументы падпішуць у Менску яшчэ ў кастрычніку летась падчас сустрэчы ў межах «Усходняга партнёрства». Але візіт кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі Фэдэрыкі Магерыні ў Менск раптоўна перанеслі. У рэшце дамову 8 студзеня 2020 года падпісалі міністр замежных справаў Уладзімір Макей, з боку ЕЗ – намеснік прэм’ер-міністра – міністр унутраных спраў Рэспублікі Харватыя Давор Бажыновіч (ад імя харвацкага старшынства ў Еўрапейскім Звязе) і Еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан.

Чакаецца, што ў чэрвені 2020 года шэнгенскія візы для беларусаў патаннеюць да 35 еўраў, максімальны час разгляду справы будзе складаць 10 дзён, бясплатныя візы будуць атрымліваць дзеці да 12 гадоў, а таксама тыя, хто едзе з адукацыйнымі або некамерцыйнымі мэтамі, не маючы 25 гадоў.

Аб’ектыў
Якія плюсы ў спрошчанага візавага рэжыму, акрамя візы за 35 еўраў?
2019.10.03 22:43

Спрашчэнне візавага рэжыму паспрыяе развіццю турыстычнай галіны ў Беларусі

«Пакуль гэта ўсё сырое і няма пра што казаць, няхай пройдзе час. Таму што заявы палітыкаў не заўсёды супадаюць з рэчаіснасцю. Бо пакуль запрацуе рэальны механізм, пакуль практыкі далучацца, тады можна размаўляць. Але ў любым выпадку намеры добрыя. Але да чэрвеня яшчэ час, як раз распачнецца сезон і фірмы ўвойдуць у рэжым», – распавёў «Белсату» дырэктар Саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмейстэр.

Hавiны
Візы будуць па € 35. Беларусь і ЕЗ падпісалі пагадненне
2020.01.08 14:08
  • з 2 лютага пачынае дзейнічаць новым Візавы кодэкс Еўразвязу, у выніку чаго на некаторы час візы ў ЕЗ для грамадзянаў Беларусі могуць падаражэць да € 80. Пасля чаго віза патаннее да € 35.
  • У афіцыйным прэс-рэлізе Еўракамісіі гаворыцца, што дамова ўтупіць у сілу ў чэрвені 2020.

СК belsat.eu

Стужка навінаў