Пажарны з серыялу «Чарнобыль». Ці памятаюць беларусы пра свайго земляка?

У траўні адбылася прэм’ера гістарычнага міні-серыялу «Чарнобыль», створанага амерыканскім каналам «HBO» разама з брытанскаю тэлесеткай «Sky». Сёння ўжо можна пабачыць тры серыі, у якіх распавядаецца пра найбуйнейшую тэхнагенную катастрофу XX ст. – аварыю на Чарнобыльскай АЭС. Пастаноўка катастрофы, жахлівыя сцэны ліквідацыі ды наступствы аварыі ўражваюць і трымаюць гледача ў напружанні падчас усяго прагляду.

У серыяле шмат рэальных персанажаў. У першых трох серыях распавядаецца гісторыя маладога пажарнага – беларуса Васіля Ігнаценкі (яго грае актор Адам Нагаіціс). Ён быў у ліку першых, хто прыбыў на тушэнні пажару на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС. У выніку атрымаў смяротную дозу радыяцыі і пакутліва памёр у Маскве праз пару тыдняў.

«Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч пачынаецца аповедам Людмілы Ігнаценка, жонкі загінулага пажарнага Васіля Ігнаценкі

Драматычнасці гісторыі дадае рэальная гісторыя кахання Васіля і яго жонкі Людмілы (грае акторка Джэсі Баклі), якая даглядае мужа ў лякарні, нягледзячы на ўсе забароны і небяспеку.

Помнік Васілю Ігнаценкі знаходзіцца ў цэнтры чарнобыльскага манумента на галоўнай плошчы Брагіна

Гэтая сюжэтная лінія серыялу прымушае ўзняць пытанне: ці ведаюць беларусы пра свайго земляка? Для гэтага выпраўляемся ў гарадскі пасёлак Брагін, дзе ёсць вуліца Ігнаценкі, манумент і музейная экспазіцыя, прысвечаная ліквідатару.

Васіль Ігнаценка нарадзіўся 13 сакавіка 1961 году ў вёсцы Спарыжжа – прыблізна ў 9 кіламетрах ад гарадскога пасёлку Брагін. Вёска патрывала ад радыяцыі пасля Чарнобыльскай катастрофы і яе жыхары былі адселеныя. Сёння ў Брагіне насупраць райвыканкаму знаходзіцца бюст пажарнага і мемарыял у выглядзе арак і шчытоў з нанесенымі на іх назвамі ўсіх адселеных вёсак Брагінскага раёну. На пастаменце размешчаны тэкст, які паведамляе, што ў 2006 годзе Васілю Ігнаценку пасмяротна прысвоена званне героя Украіны.

У Брагіне ёсць маленькі гістарычны музей, у якім адзін пакой прысвечаны Васілю Ігнаценка. Тут – разнастайныя дакументы і артэфакты, звязаныя з тэмай катастрофы на ЧАЭС, фотаздымкі ліквідатара. Навуковая супрацоўніца музею Алена Балуба распавядае, што музей стараецца папулярызаваць імя свайго земляка.

Гістарычны музей у Брагіне

– Да 30-годдзя катастрофы музей здымаў дакументальны фільм. Самі ездзілі да маці Ігнаценкі ў Беразіно, дзе яна зараз жыве. Яна вельмі шмат чаго казала пра сына. Казала, што ён быў усмешлівы, любіў пажартаваць. Зараз гэты фільм паказваем не толькі ў музеі, але і на раёне.

Гістарычны музей у Брагіне

– Ці ўздымалася пытанне аб наданні Ігнаценку статусу героя Беларусі?

– Уздымалася, але зараз ён мае толькі статус героя Украіны. Мы самі, па шчырасці, не разумеем, чаму так атрымалася. Мы ад музею на словах звярталіся да ўладаў. Але, па-першае, гэта нялёгкая працэдура. А, па-другое, вы ведаеце, магчыма забылася ўсё ўжо. Хаця, людзі памятаюць.

Гістарычны музей у Брагіне

На вуліцах Брагіна спрабуем знайсці моладзь, каб пацікавіцца, ці ведаюць яны Васіля Ігнаценку.

– Ведаем, гэта ліквідатар, – убягаючы кажуць дзве дзяўчыны. – Але больш нічога не скажам, бо мы спяшаемся.

Шукаем іншых жыхароў Брагіна, якія змаглі б больш падрабязна распавесці пра свайго земляка.

Жыхар Брагіну спадар Пятро

– Канешне ведаем Ігнаценку, стаіць яму помнік у Брагіне, – распавядае спадар Пятро. – Ён быў маладым і загінуў. А сам з Брагінскага раёну з вёскі Спарыжжа. Так, ён заслужыў [званне героя, – Belsat.eu]. Але тут, атрымліваецца, ён нікому непатрэбны, калі мае такое званне толькі ва Украіне. Раней быў патрэбны, а зараз – не.

Жыхарка Брагіну спадарыня Святлана

– Так, ведаю, – адказвае спадарыня Святлана. – Гэта мой зямляк. Я сама з вёскі Ільічы, а ён паходзіў з суседняй вёскі Спарыжжа. Зараз гэтыя дзве вёскі адселеныя – гэта такі наш боль. Калі ўсё адбылося [аварыя на Чарнобылі, – Belsat.eu] ніхто неяк пра Ігнаценку не казаў, гэта ўжо пазней даведалася, калі пабачыла ў Брагіне помнік яму. Думаю, што варта яму даць героя Беларусі. Ён жа беларус. Я лічу, што ён заслужыў. А чаму да сёння не мае такога звання, нічога не магу сказаць, не ведаю.

Таксама ў Брагіне ёсць маленькая вуліца, названая ў гонар Ігнаценкі

Наконт надання Ігнаценку статусу героя Беларусі мы паразмаўлялі са старшынём Брагінскага райвыканкаму Аляксандрам Коханам:

– Я не так даўно працую і пры мне гэтае пытанне не ўздымалася. Наперадзе гадавіна – 35-годдзе аварыі на ЧАЭС. Трэба разглядзець магчымасці, парадак разгляду такога пытання. Я даручу аддзелу ідэалагічнай работы, каб яны паглядзелі і падумалі, як можна ажыццявіць гэтую працэдуру і хто гэта можа ініцыяваць.

Уезд у радыелагічны запаведнік знаходзіцца побач з Брагінам

Адказ чыноўніка райвыканкаму можна ацаніць пазітыўна. Выйсці на сувязь з аддзелам ідэалогіі, які непасрэдна вырашае такія пытанні, не атрымалася – кіраўнік зараз на бальнічным.

Уезд у радыелагічны запаведнік знаходзіцца побач з Брагінам

Імя Васіля Ігнаценкі ўшанаванае ўсяго ў трох гарадах Беларусі. Акрамя Брагіна, у Менску і Беразіно ёсць мемарыяльныя шыльды і вуліцы, названыя ў гонар Ігнаценкі. Але ж, улічваючы маштаб той трагедыі, цяжка сказаць, што гэтага дастаткова.

Марыя Булавінская, фота Сяргей Ляпін belsat.eu

Фота вокладкі: REUTERS/Gleb Garanich/FORUM

Hавiны