«Некаторымі нашымі гісторыкамі павіннае займацца КДБ». Краўцэвіч адказвае Марзалюку


Прапановы гісторыка Ігара Марзалюка па фармаванні патрыятычных адносінаў да Айчыны Алесь Краўцэвіч называе «балбатнёю».

Доктар гістарычных навук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк тэксце «Як пабудаваць цытадэль праўды», апублікаваным у газеце «СБ. Беларусь сегодня», заявіў, што «вывучэнне айчыннай гісторыі з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ды прапанаваў увесці ў беларускіх універсітэтах курс «Гісторыя дзяржаўнасці».

Таксама Марзалюк прапануе правесці Кангрэс беларускіх гісторыкаў – з прыцягненнем найважнейшых даследчыкаў нашай краіны.

На думку Алеся Краўцэвіча, гэтыя ідэі слушныя, але рэалізаваць іх у сённяшняй Беларусі немагчыма, бо ў аснове кансэнсусу беларускіх гісторыкаў павінная быць рацыя стану нашага народу, а ў беларускіх вучэльнях працуюць спецыялісты, погляды якіх з гэтай рацыяй стану не згаджаюцца.

«У Нямеччыне забаронена ўсхваляць Гітлера – гэта крымінальна караецца. У Гарадзенскім універсітэце можа быць так, што прафесар працуе 40 гадоў, есці беларускі хлеб і выступае супраць беларускай дзяржаўнасці ў гісторыі. Так не павінна быць. Ім павінна займацца КДБ – за дзейнасць супраць беларускай дзяржавы, – заяўляе Краўцэвіч. – Такога немагчыма ўявіць сабе ў Літве, ува Украіне, у Польшчы: там ёсць кансэнсус – рацыя стану. А ў нас частка афіцыёзных гісторыкаў працуе з пункту гледжання інтарэсаў іншага народа – Расеі. Гэта недапушчальна. Гэта павінна спыняцца нават крымінальным пераследам».

Прычыну з’яўлення тэксту Марзалюка Краўцэвіч бачыць у тым, што афіцыёзныя гісторыкі пачынаюць прайграваць незалежным навукоўцам.

Суразмоўца «Белсату» прызнаецца, што на прапанову з боку дзяржавы ўзяць удзел у распрацоўцы агульнай канцэпцыі беларускай гісторыі ён б пагадзіўся.

«Беларусь – нашая краіна. Гэтая ўлада абавязаная на нас працаваць, – заяўляе Краўцэвіч. – Калі дзякуючы гэтым дамовам мне ўдасца вымусіць надрукаваць сапраўды беларускі падручнік, калі ўдасца паставіць помнік Касцюшкі або Каліноўскаму, калі ўдасца прыбраць помнік Калініну – я на гэта пайду».

ДД

Стужка навінаў