На суботнік Румас будзе саджаць лес на Капыльшчыне


Нягледзячы на распаўсюд каронавірусу, беларускія топ-чыноўнікі возьмуць удзел у рэспубліканскім суботніку 25 красавіка, паведамляе TUT.by

Як стала вядома выданню, прэм’ер-міністр Сяргей Румас, ягоныя намеснікі, а таксама «куратар» рэспубліканскага суботніка віцэ-прэмʼер Уладзімір Кухараў, старшыня Менаблвыканкаму Аляксандр Турчын і міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа разам будуць саджаць лес у Капыльскім лясгасе.

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур і частка калектыву Нацбанку правядууць суботнік на працоўных месцах. На працы, імаверна, застанецца і кіраўнік МУС Юрый Караеў.

Калектыў і кіраўніцтва МЗС разам з Уладзімірам Макеем навядуць парадак на замацаванай за міністэрствам тэрыторыі і правядуць прыборку на працоўных месцах.

Раней Аляксандр Лукашэнка казаў, што плануе правесці суботнік у рэгіёне, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дзе канкрэтна будзе знаходзіцца Лукашэнка – пакуль невядома.

Сродкі, заробленыя на суботніку, падзеляць: 50% пойдзе ў Менгарвыканкам і аблвыканкамы на падрыхтоўку да лета дзіцячых лагераў, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, а іншую палову аддадуць на стварэнне адзінага музейнага кварталу Нацыянальнага мастацкага музею і на рэканструкцыю братэрскай магілы на месцы спаленай вёскі Олы ў Светлагорскім раёне.

КА belsat.eu

Стужка навінаў