Міжэтнічныя бойкі, азартныя гульні, багацце і галеча – зусім іншая Горадня 1930-40-х


Кніга былога дэсантніка, а сёння журналіста Руслана Кулевіча распавядае пра рэаліі Горадні, якой больш няма і ніколі не будзе. Яго героі – гарадзенскія старажылы, якія памятаюць «іншы горад» прыйшлі на прэзентацыю зборніка ўспамінаў, каб распавесці сваю праўду…

Зборнік «Горад адзін, успаміны розныя» – гэта 16 гісторыяў ад гарадзенцаў сталага веку. Тут ёсць усё: габрэйскія пагромы і бізнес у 1930-х, абарона гораду ў 1939-м, новыя парадкі пры немцах, поўная змена складу насельніцтва Горадні пасля 1944-га… Усё – акрамя ідэалогіі, бо ўспаміны вельмі асабістыя, не скіраваныя на адмоўныя ці станоўчыя ацэнкі нейкага перыяду ці рэжыму.

Не ўсе рэспандэнты Кулевіча, на жаль, дажылі да выхаду кнігі. Разам з тым, некалькі герояў усё ж такі наведалі прэзентацыю. Урыўкі з іх гісторыяў падаем без купюраў.

Ежы Кежкоўскі

Нарадзіўся ў 1928 годзе ў Варшаве. Каталік. Жыве ў Горадні ад пачатку 1930-х. У міжваенны час яго бацькі трымалі ў горадзе сетку сваіх цырульняў.

Ежы Кежкоўскі, раней і зараз. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Да жонкі палкоўніка Панасюка – на манікюр»

У Варшаве маці скончыла курсы па манікюры, а бацька – цырульніка. Вучыліся ў лепшых французскіх і італьянскіх майстроў. Праз нейкі час мама, гарадзенка, запатрабавала ў бацькі, былога легіянера, вярнуцца ў родны горад.

Стрыгчыся да нас прыходзілі багатыя людзі! Цырульні былі першага разраду, найлепшыя. Пастрыгчыся і пагаліцца ў нас каштавала 1,5 злотых, а ў цырульні трэцяга разраду – 30-40 грошаў. Бацьку маглі выклікаць і на дом. Мама хадзіла да дырэктара банку, а жонка палкоўніка Панасюка запрашала яе на манікюр. Выклік на дом – 2,5 злотых, а добры кліент мог і 5 даць.

«Тата збунтаваўся: грошы згубілі…»

Сям’я была не бедная, але тата збунтаваўся потым. Стаў гуляць у карты, здраджваў маме… Яго грошы загубілі, стаў вельмі азартным чалавекам. Акрамя картаў граў яшчэ ў рулетку на сучаснай вуліцы Тэльмана (тады – «злачны раён» з публічнымі дамамі – АК). Грошы сыходзілі, а падаткі за цырульні трэба ж было плаціць. Часам не было чым, але неяк круціліся.

У выніку сямейных праблемаў цырульні апусціліся да трэцяга разраду. Бацькі канчаткова разышліся. Тата з’ехаў у Варшаву, мы з маці засталіся.

Выстава старых фота Горадні, прымеркаваная да прэзентацыі кнігі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Прыгожыя скрынкі, якія могуць выбухнуць» / 1-17 верасня 1939

З пачаткам вайны казалі, што ў горадзе ёсць нямецкія шпіёны, якія па вуліцах раскідвалі розныя прыгожыя скрынкі. Падымеш – і выбухнуць! Так польскія ўлады папярэджвалі, каб на вуліцах нічога не падымалі.

«Плаці 5 марак і заходзь у гета!» / нямецкая акупацыя 1941-44

Пры немцах палякам і беларусам жылося лепш за габрэяў. Ведаю, што габрэі вывозілі з Горадні ў каменданцкую гадзіну, пакуль усе спалі, людзей не было на вуліцах. Калі вывезлі, можна было заходзіць у былое гета. Плаці 5 марак – і бяры там, што хочаш! Але, вядома, добрыя рэчы немцы самі пазабіралі…

Пелагея Аляшкевіч

Нарадзілася ў Варшаве ў 1932 годзе. У 1936-м яе сям’я пераехала ў Горадню. Бацька працаваў паштальёнам у турме і загінуў у 1939-м.

Пелагея Аляшкевіч. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«12 сутак за газеты для Прытыцкага»

Яшчэ ў Адэльску бацька вучыўся два гады на святара, ведаў лацінскую мову. Яму і іншыя мовы лёгка даваліся. Любіў чытаць. Аднойчы тата вырашыў дапамагчы зняволенаму, які папрасіў прынесці газет. Зняволеным апынуўся Сяргей Прытыцкі. Пра гэта даведалася кіраўніцтва, бацьку далі 12 сутак гаўптвахты.

Маці насіла яму на гаўптвахту перадачы. Тата папрасіў слоўнік французскай мовы і… вывучыў, пакуль сядзеў! Ён яшчэ і ідыш ведаў: калі заходзіў у габрэйскія крамы, то там яго лічылі сваім.

Бацька пані Пелагеі, забіты ў першыя дні ІІ Сусветнай. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Пахавалі ў крыві і ў мундзіры…»/ 1 верасня 1939

А восьмай ранку тата, як звычайна, быў на працы. Каля дзясятай да нас прыбегла суседка. Сказала, што ён загінуў: нямецкая бомба ўпала на турму. Мы прыйшлі туды, а там у каплічцы ўжо стаяла пяць трунаў. У адной быў бацька з прабітай галавой… Загінулых не мылі і не пераапраналі: так і пахавалі ў крыві ды ў мундзірах.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Тадзіка прывязалі да танка – як жывы шчыт…»/ 21 верасня 1939

Абараняла Горадню ад «рускіх» моладзь, рэшткі салдат і паліцыі. Дырэктар аднаго з заводаў заліваў у бутэлькі запальную сумесь і выдаваў людзям, каб яны з гэтым танкі сустракалі. Шмат хто з маладых тады загінуў. У тым ліку – Тадзік Ясінскі, якога параненага прывязалі да танку як жывы шчыт…

Вялікая група гарадзенцаў забарыкадавалася ў сучасным Доме афіцэраў (тады – «Дом стральцоў» – АК). Але ў саветаў атрымалася выбіць абаронцаў. Пасля ўсіх расстралялі на Сабачай горцы.

«Хацелі выслаць далёка ў Расею…»/пасля 1944

…Так, Варшава была разбураная. Але нашы сваякі там былі жывыя! Нас проста не выпусцілі. Хацелі, мабыць, выслаць далёка ў Расею, але зрабіць ім гэтага не ўдалося. Першы раз, калі па нас прыйшлі, мы схаваліся. Пазней ужо перасталі баяцца – нас не чапалі.

Анатоль Песняк

Нарадзіўся ў 1926 годзе ў Горадні на вул. Віленскай у доме, які будаваў ягоны дзед. Праваслаўны. Ветэран Другой Сусветнай.

Анатоль Песняк, зараз і 70 год таму. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Прагуляў усё і павесіўся»

Мая сям’я жыла ў габрэйскай зоне – раён ад Віленскай вуліцы да Пажарнай каланчы. Практычна ў кожным доме тут габрэі мелі ці пякарню, ці краму. Наагул, у 1930-х казалі, што ўся вуліца Дамініканская належала аднаму габрэю, які яшчэ меў шакаладную фабрыку ў Беластоку. Ён быў заўзятым гульцом у карты і неяк… прагуляў усё! А пасля павесіўся.

«Банда на банду»

Пасля школы мы гулялі ў футбол або ладзілі «вайну на габрэяў» на вул. Архіерэйскай (зараз вул. Горкага – АК). Можна сказаць, банда на банду ішлі. Кідаліся камянямі і ўсім, што трапіцца. Мелі нават карбід у той час. Разводзілі яго ў бутэльках, кідалі, ён выбухаў!

«Пагромы ішлі двое сутак… На вуліцу не выходзілі: страшна»

З габрэямі сябравалі, вядома, бо жылі побач, але былі і страшныя габрэйскія пагромы. У сярэдзіне 1930-х у Горадню на адпачынак прыехаў польскі марак. На танцах у школе Рэйзнера праз дзяўчыну габрэі яго парэзалі і пабілі: той памёр.

Пасля палякі ў горадзе зладзілі пераварот! Мы ў цэнтры жылі – бачылі з вакна ўсё. Але на вуліцу не выходзілі, страшна. Пагромы ішлі двое сутак, паліцыя нават не спрабавала іх спыняць. Пасля ўсё сціхла і горад зноў зажыў звычайным жыццём.

На прэзентацыю прыйшло больш сотні гарадзенцаў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Бананы, мандарыны, ананасы – за грошы ці ў заклад»

У 1930-х гадах у Горадні можна было набыць усё: бананы, мандарыны, ананасы – любыя прысмакі! Калі грошаў не хапала – давалі ў заклад. Гандлявалі пераважна габрэі. Палякам цяжка было весці з імі бізнес, бо тыя пастаянна збівалі цану, а людзі, ясна, купяць тое, што танней. Паляк, такім чынам, ставаў банкрутам і закрываўся.

“Горад адзін, успаміны розныя”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Сям’ю рыхтавалі да вывазу 23 чэрвеня, але 22-га пачалася вайна»

Пасля 1939-га забіралі тых, хто быў багаты. А ў нашай сям’і ж быў вялікі дом у цэнтры. Пакоі мы здавалі ў арэнду. Сям’ю рыхтавалі да вывазу 23-га чэрвеня 1941 года, а вайна пачалася 22-га. Нам пашанцавала – засталіся. А пры немцах нас з таго дому ўсё адно выселілі, бо ён трапляў у гета. Жылі на вуліцы Вапеннай, а суседам быў начальнік палявой жандармерыі.

«Я не пазнаў горад, а мяне не пазнала сястра»

У 1944-м прызвалі ў савецкую армію. Застаўся служыць і пасля вайны. У Горадню вярнуўся ў 1960-х. Я не пазнаў свайго гораду… А мяне не пазнала сястра: не адчыніла дзверы. Пайшоў да маці. А наш сямейны дом на Віленскай, які будаваў дзед, не аддала ані савецкая, ані сённяшняя ўлада. Хоць і дакументы ўсе ёсць. Пасля вайны туды засялілі людзей з вёсак, а зараз – офісы нейкія… Горад зусім іншы, што казаць.

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў