Лукашэнка: у саюзе з Расеяй мы расставілі сцяжкі, за якія не трэба выходзіць
2019.07.09 12:38
Лукашэнка і Рапота. Фота: president.gov.by
Кіраўнік Беларусі 9 ліпеня на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам абмеркаваў дамовы аб яе стварэнні.
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з чыноўнікам, што ён разам з УладзімірамПуціным дамовіліся не ламаць дамову, паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка Беларусі.
«Калі мы ўлезем у ломку дамовы, мы разбурым наагул усё, што створана за гэты час», – сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, замест гэтага кіраўнікі дзяржаваў вырашылі выпрацаваць праграму далейшай інтэграцыі Беларусі і Расеі.
«Мы вызначылі тыя рамкі, кропкі, вехі, расставілі сцяжкі, як паляўнічыя кажуць, за якія мы выходзіць не павінны. Тое, што мы не можам сёння рэалізаваць», – сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён заявіў, што нават размаўляць пра ўваходжанне Беларусі ў склад РФ не трэба. Што датычыць іншых пытанняў, то было вырашана ісці крок за крокам, каб рэалізаваць палажэнні саюзнай дамовы.
Кіраўнік Беларусі таксама адзначыў важнасць вырашэння бягучых пытанняў у супрацы, «якіх у нас з Расеяй нямала». У прыватнасці, ён распавёў пра закрытасць расейскага рынку для прыкладна 80 беларускіх прадпрыемстваў.
У 2018 годзе Беларусь купляла газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана – $ 127. Колькі будзе плаціць Беларусь у наступным годзе, пакуль не вызначана. Аляксандр Лукашэнка патрабаваў, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Крамля.
Ультыматум Крамля або ультыматум Мядзведзева– заява прэм’ер-міністра РФ на паседжанні Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.