Літоўцы адказалі на папрок Лукашэнкі


Пасля скарачэння грузаў з Расеі Літва імкнецца пашырыць супрацу з Беларуссю. На здымку: Рокас Масюліс каля мапы Клайпедскага порту. (Здымак зроблены 21 чэрвеня 2010 года.) Фота – Ints Kalnins / Reuters

Літоўскі міністр адказаў Аляксандру Лукашэнку, які папракнуў літоўскі бок у нежаданні супрацоўнічаць.

Паводле Рокаса Масюліса, міністра транспарту і камунікацыяў Літвы, беларусам накіроўваць грузы праз Латвію невыгодна.

«З эканамічнага пункту гледжання беларусам няма прычынаў нешта мяняць. Мы шмат інвестуем, паляпшаем умовы ў сваім порце. Мы дастаткова добра разумеем грузавыя плыні якога характару ідуць, і мы стараемся абслугоўваць іх так, каб [у беларусаў] не было жадання ісці іншым шляхам. Мы верым, што нашыя ўмовы найлепшыя і гэты потым вельмі цэнім, шмат над гэтым працуем», – сказаў Масюліс.

Міністр дадаў, што Клайпедскі порт шмат інвестуе і стварае добрыя ўмовы для перавалкі кліенцкіх грузаў.

«У нас ёсць усе абсталяванне, узгодненыя чыгуначныя графікі. Цягнікі ездзяць без прыпынкаў, найлепшым магчымым спосабам, і гэта самы танны шлях для [беларусаў]«, – дадаў Масюліс.

18 верасня Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы новага амбасадарам у Латвіі, паставіў перад ім задачу забяспечыць для Беларусі «бесперашкодны, нармальны выхад да мора».

«Выхаду да мора ў нас няма, і калі Літва не вельмі хоча з намі супрацоўнічаць, так трэба рабіць націск на Латвію, – заявіў Лукашэнка. – Трэба зрабіць так, каб гэтая рэспубліка задавальненне атрымлівала ад супрацы з Беларуссю. Мы людзі прыстойныя, абавязковыя, яны гэта ведаюць. Калі яны пойдуць нам насустрач па многіх пытаннях, якія мы ім прапануем, яны будуць мець пэўны (і немалы) эфект».

Канкурэнцыя партоў Літвы і Латвіі заўсёды была вялікай. Пасля скарачэння паставак расейскіх грузаў яна вырасла яшчэ болей. Праз порт у Клайпедзе адбываецца транзіт беларускіх угнаенняў і нафтапрадуктаў.

ДД

Стужка навінаў