Суд Шаркаўшчынскага раёну пакараў 15 красавіка журналіста Змітра Лупача за супрацу з нашым тэлеканалам без акрэдытацыі штрафам у 892 рублі 50 капеек. Справу разглядала суддзя Аксана Табола. Матэрыял распавядаў пра нізкія заробкі ў раёне, якія яшчэ і затрымліваюцца.
У суд выклікалі дваіх сведкаў: людзей, якія былі героямі гэтага сюжэту: Віктара Крука і Мікалая Грышчанку. Яны ў судзе выказалі падтрыманне журналісту і былі здзіўленыя тым, што за дрэнную працу мясцовай улады караюць журналіста.
Зміцер Лупач звярнуў увагу суддзі на тое, што копія пратаколу не адпавядала арыгіналу, а таксама на тое, што ў рапарце было напісана, што ён здымаў з мэтай атрымання негатыўных ацэнак аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў раёне.
«Я не ставіў сабе такой мэты, – кажа Зміцер Лупач, – я проста здымаў матэрыял. А тое, што ў раёне такі сацыяльна-эканамічны стан, дык гэта ж не мая віна, гэта павінна быць у першую чаргу адказнасць прадстаўнікоў улады».
Гэта ўжо чацвёртая адміністрацыйная справа супраць Лупача ў гэтым годзе. 11 красавіка суд Глыбоцкага раёну па аналагічнай справе пакараў журналіста штрафам у памеры 1020 рублёў.
ДЛ belsat.eu