Датэрмінова прагаласаваў кожны трэці выбарнік


Паводле ЦВК цягам датэрміновага галасавання ў парламенцкіх выбарах на ўчасткі аддаць свой голас прыйшлі 35,77 % выбарнікаў. На мінулых парламенцкіх выбарах датэрмінова прагаласавалі 31,29 %.

Самая высокая яўка адзначана на Гомельшчыне – 39,41 %, у Магілёўскай вобласці датэрмінова прагаласавалі 39,11 % выбарнікаў, у Віцебскай – 38,26 %, на Меншчыне падчас датэрміновага галасавання аддалі свае галасы 37,49 %, на Гарадзеншчыне – 36,50 %, у Берасцейскай вобласці датэрмінова прагаласавалі 33,67 %. Самая нізкая яўка была ў Менску – 28,56 %.

У сваю чаргу назіральнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі падчас датэрміновага галасавання 350 фактаў парушэння выбарчага заканадаўства. Праваабаронцы адзначаюць, што афіцыйная яўка завышаная амаль у два разы.

Камісіі пазбаўляюць назіральнікаў акрэдытацыі, адмаўляюць ім у прадстаўленні інфармацыі.

Асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў адбываецца 17 лістапада. Выбарчыя ўчасткі цягам дня адчыненыя з 8 да 20 гадзіны. 513 кандытатаў змагаюцца за 110 дэпутацкіх мандатаў.

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў