Чорнае капальніцтва. «Час, калі можна было набыць за 100, а прадаць за 200 – мінуў!»


Масавы трафік абразоў на Захад у 1990-я – страты ці прыбытак для краіны? Беларускі рынак калекцыянавання цяпер на пад’ёме – або ў стагнацыі? І ці працуе закон супраць чорных капальнікаў?

У 2015-м годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №485, які быў скіраваны супраць «чорных капальнікаў». Сярод адмыслоўцаў яго назвалі ўказ «Аб трох чэрапах». У 2017-м годзе ўказ адмянілі. Але пасля яго фактычна ўключылі ў новы кодэкс «Аб культуры». То бок юрыдычная забарона капаць і гандляваць выкапанымі старажытнасцямі нікуды не падзелася. Як закон працуе сёння? Пра чорнае капальніцтва, кантрабанду абразоў і пра іншыя аспекты калекцыянавання мы паразмаўлялі са старшынёй праўлення Беларускага Нумізматычнага таварыства Віктарам Какарэкам.

Віктар Какарэка. Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Знайсці сярод поля нешта вартае – амаль нерэальна»

Забарона капаць і гандляваць выкапанымі старажытнасцямі існуе. Але ці працуе яна фактычна?

Той адменены ўказ не насіў характар забароны. Хутчэй для капальнікаў мусілі стварыць пэўныя ўмовы. Калі недзе знойдзены помнік нумізматыкі ці археалогіі, дзяржава хоча, каб гэта не знікла, а трапіла ў музеі. Большасць людзей, якія хадзілі з металашукальнікамі, знаходзілі самую драбязу, іржу, якая нічога не каштуе. Разам з тым, калі чалавек сапраўды раптам знойдзе нешта каштоўнае, дзяржаве патрэбныя юрыдычныя падставы, каб да яго завітаць.

Былі выпадкі, калі капальнікаў бралі падчас пошуку ці продажу артэфактаў з зямлі?

Рознае было. Уявіце: вёска, дзе жыве пяць бабулек: «А-яй, нас абкрадуць, забʼюць…» Участковы кажа: «Убачыце каго чужога – тэлефануйце!» Бачаць капальніка ў полі – тэлефануюць. Там маюць адрэагаваць, едуць. Звычайна нават да штрафаў не даходзіла: пагавораць і разыдуцца, бо ніхто ў гэтым не зацікаўлены.

А як ты давядзеш? У кішэнях у яго рыцца? Ды і знайсці сярод поля нешта вартае амаль нерэальна. Хто ў вёсцы жыў? Сяляне. І што ў іх было? Нехта згубіць у хляве завушніцу, пасля ўвесну яе разам з гноем у поле выкінуць, але ж гэта выключэнні. Былі дробныя медныя манеты XVII ст. – «барацінкі» – іх сапраўды з дзясятак на гектары зямлі знайсці можна. Нават звычай такі быў у сялянаў: раскідваць зерне, рэзанае варанае яйка і дробныя манеты па сваім полі – на добры ўраджай. Але ж яны і зараз не каштуюць нічога.

Манеты, якія часцяком знаходзяць «чорныя капальнікі». Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Закон разлічаны на тых, хто знойдзе нешта вялікае і дарагое»

Наш закон быў прыняты яшчэ і каб не ствараць спрыяльных умовах для пашукавікоў з Расеі. У РФ падобная забарона была прынятая адносна капальнікаў раней. Яны і пачалі ездзіць да нас. А калі яго, скажам, ловяць у Расеі на продажы, ён казаў: «А гэта з Беларусі ўсё – там не забаронена». І што тут давядзеш? Таму, варта было зрабіць так, каб не было адгаворак.

Агулам жа, паўтаруся: наш закон быў разлічаны на тых, хто знойдзе нешта вялікае і дарагое, каб можна было выказаць прэтэнзію, не даць вывезці за мяжу. А калі па дробязі – у горшым выпадку старшыня калгасу пагоніць.

Сапраўды, а як калгаснікі і гаспадары рэагуюць на коп у палях?

Самае «страшнае», што было з боку капальнікаў – патрава. Гэта калі поле засеялі, яно толькі ўзыходзіць, а капальнікі топчуць, ямкі рыюць. За гэта былі і ёсць штрафы, адміністратыўныя пакаранні. А калі поле пустое, ураджай прыбраны – дык хадзі сабе да вясны, калі ласка! Адно ямінкі за сабой закопвай.

«Іконаў шмат быць не можа? Можа!»

Ці вывозіцца нешта з Беларусі на Захад ці ў РФ?

Калі нешта знаходзяць і хочуць прадаць – шукаюць пакупніка. Калі беларус гатовы заплаціць, то дастанецца яму. Калі замежнік – атрымае ён. Часам гэта і пустыя размовы: чалавек не хоча раскрываць, каму і што прадаў, не хоча свяціць пакупніка. Таму, каб адчапіліся, кажа: «Я за мяжу прадаў! У Расею!» Цяжка праверыць. Але ніхто па дробязях не паедзе за мяжу прадаваць мікалаеўскі рубель ці нешта такое.

Але былі ж факты трафіку абразоў ад нас на Захад у 1990-я…

Абразы тады папаўзлі да нас з Расеі. Заробкі тут былі па 15-20 долараў. У Расеі тое самае. А абраз можна было за бесцань выменяць у бабулькі, завезці ў Польшчу і там прадаць за 100-150 долараў. Чалавек задумваўся: «Ага, выгадна!» Вось і пачалі вазіць: з Падмаскоўя, Валагодчыны. Некаторыя абы-што везлі, некаторыя – вельмі добрыя абразы.

Да нас прыходзілі аптовыя партыі, нашы набывалі, нешта рэстаўрыравалі. Пасля ў Польшчу, па адной – дзве, старанна хаваючы на мяжы. Адтуль у Германію і далей. Заходнія пакупнікі разважалі: «Добрая старая рэч, такога шмат быць не можа…» А апынулася – гэтага ўсяго така-а-ая колькасць! Ужо ў 2000-х рэаліі змяніліся, узровень жыцця ў Расеі пачаў расці і самыя каштоўныя і рэдкія абразы сталі выкупляць і вяртаць – пачаўся рух у адваротны бок.

Ці засталося цягам гэтага руху нешта ў Беларусі, апроч грошаў?

Няма таго злога, каб на добрае не выйшла. Берасцейская і гарадзенская мытні канфіскоўвалі і іконы, і медную пластыку (складні). Пасля перадавалі ў музеі Горадні, Берасця, Менску… Беларусь тады вельмі добра папоўніла свае музейныя зборы, ніколі б столькі не атрымалі ў іншай сітуацыі! То бок, наша краіна яшчэ і ў выйгрышы апынулася!

Манеты, якія часцяком знаходзяць «чорныя капальнікі». Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«У вас такое ёсць? Не. А ў мяне ёсць!»

Што наконт сучасных тэндэнцыяў у калекцыянаванні? Што карыстаецца попытам?

Трэба разумець, што ёсць розныя падыходы. Для кагосьці любая старая рэч, якой 200-300 год, хай сабе пацёртая і бітая – каштоўная. Для іншых важна, каб рэч была ў добрай захаванасці ці ў каштоўным метале. Скажам, залаты царскі чырвонец, 10 рублёў тагачасных, у 1990-я каштаваў каля 70 долараў, у 2011-м – 500 долараў. Расце кошт? Расце. Значыць – выгадна.

Заўжды цэняцца рэчы ў добрым стане, з каштоўнага металу, зробленыя вядомымі майстрамі. Гэта фактар прэстыжу. Маўляў, у вас такое ёсць? Не. А ў мяне ёсць! Гэта сітуацыя, калі валоданне рэччу падвышае статус самога чалавека. І нават калі ён не разбіраецца асабліва, але мае грошы, то бярэ сабе дылера, які шукае для яго прадметы на рынку.

Былі ж людзі, якія зарабілі ў Расеі на нафце, газе, метале, хацелі ў нешта ўкласціся. І ўкладалі немалыя грошы, скажам, у 2000-я гады. Была вялікая цікавасць, пасля пачала тармазіцца, пасля наагул спынілася. І нават тое, што набралі, цяпер прадаць вельмі цяжка.

Грошы, якія хадзілі ў нашых краях у ІІ Сусветную. Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«І старое прадаваць не хочуць, і новае купіць не могуць…»

То бок, калекцыйны рынак у Беларусі зараз не ў стадыі росту?

Калекцыянаванне агулам знаходзіцца ў крызіснай стадыі. Пачынаючы з 2011 году каштоўныя металы зніжаюцца паводле Лонданскай біржы. Увесь калекцыйны матэрыял завязаны на каштоўных металах. У 2007-2008 гг. кошты на іх раслі, таму было выгадна ўкладацца. Людзі за лішнія грошы куплялі тыя ж залатыя манеты, а праз пару год маглі прадаць іх ужо двойчы даражэй.

Зараз так: чалавек некалі набываў рэч, але кошт на яе ўпаў. Але ж ён памятае, за колькі набываў у свой час, таму і прадаваць танней не хоча. Так марнее рынак: людзі і сваё прадаваць не хочуць, і новае купляць няма на што.

На чым і як можна зарабіць у калекцыйным свеце?

Некаторыя дагэтуль працуюць з «хуткімі грашыма». Сёння набыў, заўтра прадаў – зарабіў свае 2 %. Часы, калі можна было набыць за 100 і тут жа прадаць за 200 – мінулі.

Сёння рэч у раёне 30 долараў – гэта кішэнны ўзровень калекцыянера. Убачыў, спадабалася, набыў. Што такое 30 долараў? А вось 70 рублёў і вышэй – чалавек падумае. Цяпер такі ўзровень, відаць, гэтыя 30 долараў. Даражэйшыя рэчы з цяжкасцю прадаюцца і купляюцца – хіба па папярэдняй дамоўленасці для канкрэтнага кліента.

АК, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Стужка навінаў