Беларуская меншасць у Польшчы будзе мець свайго праваслаўнага дэпутата ў парламенце


Яўген Чыквін падчас выбарчай кампаніі ў Бельску Падляскім.
Фота: Agencja Wschod/Forum

Яўген Чыквін набраў 14 083 галасоў на парламенцкіх выбарах у Польшчы. Польскі палітык беларускага паходжання будзе рэпрэзентаваць Падляскі рэгіён у ніжняй палаце парламенту да 2023 года.

Палітык прайшоў у парламент ад апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі», якая набрала ў Падляскім ваяводстве 21 % галасоў. Кіроўная партыя «Права і справядлівасць» атрымала 52 % галасоў.

У 1985 годзе Яўген Чыквін стаў першым у гісторыі пасляваеннай Польшчы праваслаўным дэпутатам. Абіраўся дэпутатам Сейму ў 2001-ым, 2005-м і 2011 гадах ад «Саюзу дэмакратычных левых сілаў». У 2014 годзе спрабаваў свае сілы падчас выбараў у Еўрапарламент, а ў 2015-м быў кандадатам у Сенат – абодва разы безвынікова. Прыхільнік узмацнення супрацы з Беларуссю.

Пасля 1989 года ў польскім парламенце было некалькі прадстаўнікоў беларускай меншасці:

Сяргей Плева – дэпутат з 1993 да 2001 года і сенатар з 2001 да 2005 года

Ян Сычэўскі – дэпутат Сейму ІІІ склікання (1997-2001 гг). У 2001 годзе выказаўся супраць інтэграцыі Польшчы ў ЕЗ.

Ян Сычэўскі падчас святкавання Дня Перамогі ў Беластоку ў 2018 годзе.
Фота: Яраслаў Іванюк

Беларусы ў польскім парламенце да 1939 г.

У 1922 годзе падчас першых парламенцкіх выбарах у Сейм Польшчы былі абраныя 30 беларусаў. 15 з іх стварылі Беларускі клуб, які называлі «Малым парламентам» – нацыянальная дэпутацкая фракцыя ў польскім парламенце. З парламенцкай трыбуны інтарэсы беларусаў агучвалі святар і гісторык Адам Станкевіч, мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч, педагог Сымон Рак-Міхайлоўскі, эканаміст Аляксандр Уласаў.

У 1924-ым у Вільні пачала выходзіць заходнебеларуская газета «Сын Беларуса». Яна была неафіцыйным друкаваным органам Беларускага пасольскага клубу. Выданне было закрытае польскімі ўладамі ў верасні гэтага ж года.

Першая паласа газеты «Сын беларуса».
Фота: novychas.by

Выбары ў Сейм і Сенат другога і трэцяга склікання прайшлі пасля ўзброенага захопу ўлады маршалам Юзафам Пілсудскім. У 1928 годзе ў польскім парламенце было 12 беларусаў, а пасля выбараў у 1930 годзе ў Сейм і Сенат трапілі толькі пяць нашых суайчыннікаў.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў