«Хай яны баяцца!» У Сенаце Польшчы адкрылі выставу пра Алеся Бяляцкага


«Не баюся, няхай яны баяцца!» – гэтак называецца выстава, прысвечаная беларускаму праваабаронцу, палітычнаму вязню, лаўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, якая адкрылася 8 траўня ў Сенаце Польшчы ў Варшаве. «Белсат» пабываў на адкрыцці.

«Гэтая выстава апісвае цяжкае, але паслядоўнае змаганне беларускага абаронцы правоў чалавека за дэмакратычныя вартасці – ад удзелу ў студэнцкім руху да Нобэлеўскай прэміі міру», – адзначылі ў анатацыі экспазіцыі.

Бяляцкі – герой свету

Спікерка Сенату Малгажата Кідава-Блоньска назвала прэзентаваную выставу незвычайнаю, бо яе галоўны герой – Алесь Бяляцкі – сам па сабе ёсць незвычайнай і неардынарнай асобай.

Выстава «Я не баюся, няхай яны баяцца», прысвечаная жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага, адкрылася ў польскім Сенаце. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Ён не толькі герой Беларусі, ён герой усёй Еўропы ці, можна сказаць, усяго свету, бо сваім жыццём паказвае, наколькі могуць быць важнымі каштоўнасці, за якія змагаецца», – зазначыла ў прамове на адкрыцці выставы Малгажата Кідава-Блоньска. Яна нагадала, што Алесь Бяляцкі раней асабіста наведваў польскі Сенат, калі атрымліваў тут прэмію омбудсмана і медаль Сенату.

Малгажата Кідава-Блоньска (Małgorzata Kidawa-Błońska), маршалак Сенату Рэспублікі Польшчы, прамаўляе на адкрыцці выставы «Я не баюся, хай яны баяцца», прысвечанай жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага, якая адкрылася ў Польскім Сенаце. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Цяпер, на жаль, пазнаёміцца з ім можна толькі праз фотаздымкі на выставе, заўважыла выступоўца:

«Бяляцкага асудзілі толькі за тое, што ён прагнуў стварыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай краінай. За тое, што галоўнымі для яго былі правы чалавека і чалавечая годнасць. Ён ніколі не шукаў чагосьці глабальнага – проста хацеў, каб кожны чалавек у ягонай краіне мог адчуваць сябе ў бяспецы і кожны мог сябе рэалізаваць. Ён заплаціў вялікую цану толькі за мары пра вольную, дэмакратычную Беларусь і цяпер застаецца ў страшнай турме».

Беларусь – турма і прытулак для расейскіх агентаў

«У мяне такое ўражанне, што цяпер Беларусь сталася турмою для ўсіх беларусаў і прытулкам для расейскіх агентаў. Гэта стварае пагрозу нашай свабодзе і дэмакратыі. Але, як казаў Алесь Бяляцкі, мы не баімся – хай яны баяцца!» – дадала спікерка Сенату Польшчы.

Экспазіцыя ў Сенаце, складаецца з тузіну вялікіх інфармацыйных стэндаў з тэкстамі і здымкамі Алеся Бяляцкага на розных этапах ягонага жыцця. Пасля адкрыцця сенатары і дэпутаты польскага Сейму фатаграфаваліся на фоне вялікага здымку Бяляцкага, які адкрывае выставу. Частку экспазіцыі пра змаганне з рэжымам замыкае здымак праваабаронцы са Святланаю Ціханоўскаю.

Выстава «Я не баюся, хай яны баяцца», прысвечаная жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага, адкрылася ў Польскім Сенаце. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Алесь Бяляцкі – гэта легенда, гэта цэлая гісторыя! Мы бачыліся з ім шмат разоў, калі ён тут прымаў узнагароды. Я памятаю размовы з ім і ягонаю жонкаю Наталляю Пінчук. Я памятаю гэтае падтрыманне, памятаю ягоны голас, ягоную рашучасць. Ён – сімвал вольнай Беларусі», – казаў на імпрэзе старшыня камісіі замежных справаў польскага Сенату Гжэгаж Схэтына, ініцыятар арганізацыі выставы.

Гжэгаж Схэтына запэўніў, што Польшча заўжды будзе падтрымліваць беларускую апазіцыю і тых, хто змагаецца за грамадзянскія правы і правы чалавека:

«Падтрымліваючы ўсіх тых, хто сёння з намі, хто працягвае адважна змагацца за самае галоўнае ў нашым свеце, хачу сцвердзіць, што мы заўсёды будзем з вамі і заўсёды будзем пра гэта гучна казаць».

«Як доўга нобэлеўскі лаўрэат будзе сядзець у вязніцы?»

Палітык Зянон Пазняк і адмысловы прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы ў сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі размаўляюць падчас адкрыцця выставы «Я не баюся, хай яны баяцца», прысвечанай жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага, якая адкрылася ў Польскім Сенаце. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

На адкрыцці выставы прысутнічалі таксама віцэ-спікерка Сенату Магдалена Беят, іншыя сенатары і дэпутаты польскага Сейму, намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк, адмысловы прадстаўнік міністра замежных справаў Польшчы ў справах супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, дыпламаты еўрапейскіх краінаў.

Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк сардэчна падзякаваў польскаму ўраду і ўсім палякам за арганізацыю выставы ды падтрыманне тысяч беларусаў, якія дзякуючы гэтаму пазбеглі турмаў і катаванняў.

«Алесь Бяляцкі – гэта тая асоба, якая нас абʼядноўвае», – зазначыў у сваёй прамове спадар Зарэмбюк.

Алесь Зарэмбюк, кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве, прамаўляе на адкрыцці выставы «Я не баюся, хай яны баяцца», прысвечанай жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага, якая адкрылася ў Польскім Сенаце. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Палітык Павел Латушка ў сваёй прамове задаўся пытаннем, чаму сучасны свет выглядае такім чынам, што забойца і злачынца Аляксандр Лукашэнка можа кінуць за краты нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ды зняволіць тысячы іншых беларусаў:

«Можа, свет выглядае менавіта так, бо свет проста баіцца Лукашэнку? А калі так, то як доўга лаўрэат Нобэля будзе сядзець у вязніцы?.. Я адкажу вам: дакладна столькі будзе сядзець, колькі дазволіць свет. Таму трэба, каб свет прыпомніў сабе пра адказнасць. Пра адказнасць за тых, хто аддаў за яго сваю свабоду, здароўе і жыццё. І пра адказнасць для тых, хто тую свабоду і жыццё ў іх адабраў. Сёння я чарговы раз паўтараю: свабоду Алесю Бяляцкаму! Свабоду Анджэю Пачобуту! Свабоду ўсім палітычным зняволеным!»

«Беларусы дасюль змагаюцца»

Павел Латушка звярнуўся таксама да прадстаўнікоў польскай прэсы з просьбаю часцей пісаць пра рэпрэсіі ў Беларусі, бо, як сцвердзіў у выступе, «беларусы дасюль змагаюцца і штодзень чакаюць нашага падтрымання».

«Можа, надышоў час дэмакратычным сілам Беларусі сесці за стол не на паўгадзіны, а на дзень ці два, каб паразмаўляць і выпрацаваць стратэгію, што будзем рабіць далей. Бо іначай Алесь Бяляцкі будзе сядзець у вязніцы столькі гадоў, колькі яму прысудзілі», – сказаў напрыканцы Павел Латушка.

Праваабаронца і лаўрэат Нобэлеўскай прэміі Алесь Бяляцкі ў сакавіку 2023 года быў прысуджаны да 10 гадоў калоніі. Яго разам з калегамі Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам абвінавачвалі ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Алесь Бяляцкі застаецца ў няволі ўжо 1030 дзён. Паводле інфармацыі, якой дзялілася з журналістамі жонка палітзняволенага Наталля Пінчук, Бяляцкага ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры (ПКТ у калоніі № 9 у Горках), стан ягонага здароўя значна пагоршыўся.

Выстава «Я не баюся, няхай яны баяцца», прысвечаная жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага, адкрылася ў польскім Сенаце. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Арганізатарамі выставы «Не баюся, няхай яны баяцца» выступілі Беларускі дом у Варшаве і «Malanka Media» ў партнёрстве з Еўрапейскаю камісіяй і Сенатам Польшчы.

У межах адкрыцця экспазіцыі паказалі дакументальную стужку «Правілы жыцця Алеся Бяляцкага».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў