На прадпрыемствах не стае тысячы працоўных рук. Якія спецыялісты самыя запатрабаваныя?


Праблемы з працоўнымі кадрамі ў Беларусі прызнаюцца ўжо на самым высокім узроўні. Аляксандр Лукашэнка прапануе нават уладкоўваць на заводы пенсіянераў, а новае жытло будаваць як у савецкі час – вакол прадпрыемстваў, каб забяспечыць іх працоўнаю сілаю. Пры гэтым у краіне працягваюць існаваць чорныя і шэрыя спісы, паводле якіх людзі не могуць знайсці сабе працы праз «нядобранадзейнасць». Паглядзелі, якая сітуацыя з працаю на беларускіх прадпрыемствах і якіх працаўнікоў не стае на рынку працы Беларусі.

Беларускі металургічны завод
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: БМЗ_life / Telegram

Традыцыйна ідзём на старонку Рэспубліканскага банку вакансіяў. Цяпер там адкрытыя пазіцыі для 148 741 працаўніка. У лютым іх было 137 256, то бок за тры месяцы лік узрос амаль на 11,5 тысячы. Колькасць рэзюмэ застаецца на адным узроўні: цяпер іх 12 655, у лютым было 12 202.

Паводле колькасці вакансіяў лідаруюць Менск і Менская вобласць.  Пры гэтым за тры апошнія месяцы назіраецца ўздым колькасці вакансіяў па ўсіх вобласцях, у некаторых – даволі значны.

А вось на беларускіх прадпрыемствах сітуацыя з працоўнымі рукамі сапраўды выглядае катастрафічна. Склалі топ-15. Пералік спецыялістаў, якія патрабуюцца, збольшага аднолькавы: гэта слесары, зваршчыкі, інжынеры і іншыя тэхнічныя адмыслоўцы.

1. Менскі аўтамабільны завод (МАЗ): 2673 вакансіі.

Флагман аўтамабілебудаўнічай галіны Беларусі лідаруе і ў нашым рэйтынгу. На прадпрыемства патрабуецца шырокі спектр адмыслоўцаў: слесары-рамонтнікі і слесары-электрамантажнікі, токары, аператары абсталявання, электразваршчыкі, машыністы, рэзчыкі металу, кранаўшчыкі, кіроўцы і іншыя. І гэта толькі вакансіі за красавік – травень.

2. Менскі трактарны завод (МТЗ): 2726 вакансіяў.

Пакуль Беларусь збіраецца будаваць заводы ў Казахстане і ўсё хваліцца тым, што заваліць сельскагаспадарчаю тэхнікаю Расею і Афрыку, на адным з самых буйных прадпрыемстваў краіны – вострая нястача працоўных рук. Тут патрабуюцца майстры рамонтна-мантажных работаў, розныя інжынеры, механікі, слесары, электразваршчыкі, электраманцёры, акумулятарнікі, сталяры, аператары станцыяў, кавалі. І нават вядоўца дыскатэкі на 0,5 стаўкі.

3. «Горадня Азот»: 749 вакансіяў.

Пасля татальнай зачысткі прадпрыемства ад іншадумства пасля падзеяў 2020 года тут ствараюць сапраўдны працоўны лагер, дзе работнікам нельга будзе нават карыстацца сваім тэлефонам. Сюды патрабуюцца начальнікі змены і ўчасткаў, шмат інжынераў, майстры і аператары прыбораў, машыністы і іншыя.

4. «Белшына»: 603 вакансіі.

Адзін з найбуйнейшых вытворцаў у апоннай галіне таксама адчувае вострую нястача кадраў. На прадпрыемства патрабуюцца вулканізатаршчыкі, афарбоўшчыкі гумавых вырабаў, кіроўцы пагрузчыкаў, электраманцёры, слесары, механікі, токары, інжынеры.

5. «Атлант»: 593 вакансіі.

Падаецца, хутка няма каму будзе збіраць беларускія лядоўні і пральныя машыны. На прадпрыемства патрабуюцца інжынер-канструктары, слесары-рамонтнікі, інжынеры-тэхнолагі, кіроўцы пагрузчыка, зваршчыкі, манцёры.

6. БелАЗ: 384 вакансіі.

Жодзінскі вытворца кар’ерных самазвалаў і транспартавага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці таксама пакутуе ад нястачы працоўных рук. Сюды шукаюць фрэзероўшчыкаў, інжынераў-канструктараў, сталяроў, электраманцёраў ды іншых.

7. Менскі маторны завод: 263 вакансіі.

Пералік неабходных кадраў вельмі падобны да папярэдніх: на прадпрыемства патрабуюцца слесары, цесляры, токары, электразваршчыкі, мантажнікі.

8. «Нафтан»: 254 вакансіі.

На прадпрыемства патрабуюцца шмат розных слесараў і апаратчыкаў. Хто б мог падумаць, што людзі не захочуць ісці працаваць на нафтаперапрацоўчы завод з даволі высокімі для краіны заробкамі. А можа, там адбылася замоцная зачыстка?

9. «Белкард»: 224 вакансіі.

Гарадзенскае прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці карданных валоў і некаторых вузлоў для аўтамабільнай прамысловасці і сельскагаспадарчага машынабудавання. Сюды шукаюць шырокае кола спецыялістаў: патрабуюцца інжынеры, фрэзероўшчыкі, слесары, транспартавыя рамонтнікі, наладчыкі, аператары станкоў ды іншыя.

10. «Гомсельмаш»: 219 вакансіяў.

І зноў у нашым спісе – вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі, цяпер з Гомля.

Агляд
Рост вакансіяў і праблемы з кіраўнікамі. Як жывуць беларускія ваенныя прадпрыемствы
2024.01.09 18:03

Якіх спецыялістаў бракуе на рынку працы Беларусі? Топ-10 

Цяпер паглядзім, якія спецыялісты самыя запатрабаваныя на рынку працы Беларусі. Спіс крыху змяніўся з зімы, але цалкам адпавядае сітуацыі на беларускіх прадпрыемствах.

1. Слесары: 9830 вакансіяў.

Першы радок нашага агляду працягваюць займаць слесары. На сёння знаходзім 9830 вакансіяў, узімку было 9228. Патрабуюцца слесары для рамонту аўтамабіляў, абслугоўвання абсталявання, збору металаканструкцыяў і гэтак далей.

2. Кіроўца транспартавых сродкаў: 9453 вакансіі.

Наступае на пяты першаму месцу і імкліва расце запатрабаванасць у кіроўцах: на пачатак вясны мы знайшлі 8751 вакансію, цяпер лічба значна ўзрасла. Патрабуюцца кіроўцы хуткай дапамогі, цяжкавікоў, фураў для міжнародных перавозаў.

3. Дактары: 6725 вакансіяў.

На пачатак вясны ў Беларусі не хапала 6 513 дактароў-спецыялістаў. Цяпер лічба пайшла ў рост пасля невялікага спаду зімой. Праблема з дактарамі не вырашаецца ўжо больш за год. Найперш адчуваецца дэфіцыт медыкаў высокай кваліфікацыі: анколагі, анестэзіёлагі, хірургі і гэтак далей. Востра не хапае педыятраў у паліклініках.

Разбор
«Самі сабе хлусяць». Улады назвалі лік лекараў у Беларусі – што з гэтай лічбаю не так?
2024.04.24 07:00

4. Інжынеры: 5841 вакансія.

Сапраўдны скачок у наш рэйтынг самых запатрабаваных прафесіяў зрабілі інжынеры. Асабліва востра іхная нястача адчуваецца на беларускіх прадпрыемствах.

5. Электраманцёры: 4676 вакансіяў.

Усё так жа ў краіне не стае электраманцёраў. Тры месяцы таму ў краіне шукалі 4298 адмыслоўцаў. Нагадаем, што менавіта ў 2023 годзе адбыўся значны адток спецыялістаў гэтага профілю. Гэтак, у снежні 2022 года гэтая лічба была ў некалькі разоў меншая (1474).

6. Медычныя сёстры: 4127 вакансіяў.

Праблема з медсёстрамі ды іншым медычным персаналам не развязваецца ўжо больш за год. У снежні 2022-га патрабаваліся 3750 спецыялістаў, у снежні 2023-га – 3985 адмыслоўцаў, а на пачатак вясны 2024-га мы знайшлі 3884 вакансіі.

7. Трактарысты: 3856 вакансіяў.

На пачатак вясны шукалі 3615 трактарыстаў. Так і не знайшлі.

8. Прадаўцы: 2939 вакансіяў.

Не паляпшаецца сітуацыя з дэфіцытам прадаўцоў у краіне. У лютым 2024 года мы зафіксавалі 2603 вакансіі, цяпер, як бачым, лічба працягвае расці.

9. Кухары: 2588 вакансіяў.

На канец лютага мы знайшлі вакансіі для 2564 кухараў. Шмат адмыслоўцаў трэба ў дзіцячыя садкі і школы.

10. Зваршчыкі: 2430 вакансіяў.

Зноўку тэхнічная спецыяльнасць у нашым аглядзе. На пачатак вясны зафіксавалі 2283 вакансіі.

Разбор
Людзей не хапае настолькі, што тым хто ёсць, давядзецца працаваць больш – указ Лукашэнкі
2024.03.22 17:02

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў