Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян правялі першыя афіцыйныя перамовы, галоўным вынікам якіх стала гатовасць бакоў працягваць прамы дыялог па мірнаму ўрэгуляванню нагорна-карабахскага канфлікту.
Сустрэча, якая праходзіла ў гатэлі Bristol, дзе спыняліся манархі, прэзідэнты і кампазітары, пачалася ў прысутнасці кіраўнікоў МЗС дзвюх краін Эльмара Мамедʼярава і Заграба Мнацаканяна, а таксама сустаршыняў менскай групы АБСЕ Ігара Папова (Расея), Стэфана Вісконці (Францыя) і Эндру Шафёра (ЗША). Пасля лідары гутарылі сам-насам, праз тры гадзіны гутарка набыла пашыраны фармат, і праз паўгадзіны раўнд завяршыўся.
Пашыньян, ужо сядаючы ў машыну, заявіў карэспандэнту ТАСС, што «сустрэча прайшла нармальна». Аліеў на аналагічную просьбу заклікаў дачакацца заявы сустаршыняў. Лідары абяцанне стрымалі і не каментавалі вынікі да публікацыі заявы АБСЕ.
Візіты кіраўніка Азербайджана і прэмʼера Арменіі ў Аўстрыю працягнуліся асобнымі размовамі з федэральным канцлерам Себасцьянам Курцам і прэзідэнтам краіны Александэрам ван дэр Бэленам. Ведамства канцлера і канцылярыя прэзідэнта знаходзяцца насупраць праз дарогу, прамежак паміж сустрэчамі складаў меней за дзесяць хвілінаў. Пакуль Аліеў быў у аўстрыйскага прэзідэнта, сустаршыні апублікавалі заяву.
Па словах сустаршыняў, перамовы прайшлі ў канструктыўным ключы.
«Абодва лідары падкрэслілі важнасць стварэння абстаноўкі, якая спрыяе міру, і прыняццю далейшых канкрэтных і адчувальных крокаў у працэсе перамоваў для знаходжання мірнага вырашэння канфлікту», – адзначаецца ў дакуменце.
Акрамя таго, Аліеў і Пашыньян дамовіліся пра гуманітарныя меры па ўрэгуляванні нагорна-карабахскага канфлікту, пацвердзілі неабходнасць спынення агню і ўдасканалення механізму наўпроставай сувязі.
«Прэмʼер-міністр і прэзідэнт далі ўказанні сваім міністрам сустрэцца з сустаршынямі ў найбліжэйшай будучыні. Яны таксама пагадзіліся працягнуць прамы дыялог», – гаворыцца ў заяве.
Прэзідэнт Азербайджану пасля сустрэчы з Ван дэр Бэленам пракаментаваў ТАСС вынікі перамоваў. Паводле яго словаў, галоўнае – што фармат застаецца нязменным. Гэта значыць, што ініцыятыва Ерэвана пра працягванні непрызнання Нагорна-карабахскай рэспублікі да кансультацыяў не атрымала развіцця і ўзгаднення.
«Перамоўны працэс таксама павінен быць падтрыманы гуманітарнымі акцыямі. Важным зʼяўляецца тое, што фармат перамоваў застаўся нязменным, перамовы вядуцца паміж Арменіяй і Азербайджанам, як гэта і было многія гады. Перамоўны працэс атрымаў новы імпульс, мы вельмі пазітыўна ацанілі заяву сустаршыняў менскай групы АБСЭ ад 9 сакавіка, у якой адзначаецца, што змяненне перамоўнага фармату можа быць толькі са згоды двух бакоў», – сказаў прэзідэнт Азербайджану Аліеў.
«Мы вярнуліся да сітуацыі, калі трэба працягваць весці субстантыўныя перамовы. Агучана даручэнне кіраўнікам МЗС, якія, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час сустрэнуцца для працягу перамоўнага працэсу», – звярнуў увагу Аліеў.
«На першым месцы стаіць пытанне дэакупацыі міжнародна прызнаных тэрыторый Азербайджану ў межах міжнароднага права, Хельсінкскага заключнага акту і чатырох рэзалюцыяў СБ ААН, якія патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вываду армянскіх сіл з акупаваных тэрыторый», – акрэсліў найбольш важныя ўмовы для Азербайджану Аліеў.
Пашыньян на сустрэчы з армянскай дыяспарай у пасольстве Арменіі таксама даў станоўчую ацэнку перамоваў, аднак заўважыў, што прарыву або эвалюцыі не было.
«Галоўнае – што бакі пачалі размаўляць пра праблемы», – заявіў прэмʼер Пашыньян.
СК belsat.eu