Актывістаў «Моладзевага блоку» будуць судзіць праз Skype

Сябры затрыманых каля суду. Фота: Пётр Маркелаў / belsat.eu

Актывістаў «Моладзевага блоку» Лізавету Пракопчык і Данілу Лаўрэцкага будуць судзіць праз відэасувязь у судзе Першамайскага раёну, паведамляе «Прававая ініцыятыва». Гэта першы такі выпадак у Менску.

Сябры і праваабаронцы не ведаюць, калі затрымалі маладзёнаў. Яны перасталі выходзіць на сувязь з вечара пятніцы 8 траўня. У суботу 9 траўня зранку Данілы не было на працоўнай сустрэчы. Прычына затрымання актывістаў невядомая.

У Менску затрымалі ўдзельнікаў пахавальнай акцыі «Моладзевага блоку»

Сяброў, якія прыйшлі падтрымаць Данілу і Лізавету, не пусцілі ў залю Першамайскага суду.

Апроч Лаўрэцкага і Пракопчык у суботу 9 траўня былі затрыманыя іншыя актывісты «Моладзевага блоку» Міхась Варанцоў і Вераніка Яновіч, а таксама іхныя суседзі па дому. Аднак іх адпусцілі ў той жа дзень.

На рэпетыцыю параду актывісты прынеслі труну

Актывісты звязваюць ціск з акцыяй, якую «Моладзевы блок» правёў 8 траўня. Яны парадзіравалі папулярны ў Інтэрнэце мем «Coffin dance» на фоне рэпетыцыі параду.

Даніла Лаўрэцкі і Лізавета Пракопчык. Фота Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

Даніла Лаўрэцкі і Лізавета Пракопчык – актывісты моладзевых ініцыятыў «Задзіночанне Беларускіх студэнтаў» і «Моладзевы блок». Лізавета – арганізатарка акцыі за ўвядзенне каранціну ў МДЛУ. У красавіку дзяўчыну адлічылі з універсітэту.

Раней праз відэасувязь затрыманых па адміністрацыйных правапарушэннях пачалі судзіць у Гомельскай вобласці.

МГ belsat.eu

Hавiны