Без газу, святла і вады, але з прапагандай: як жыве акупаваны Марыупаль


З пачатку сакавіка Марыупаль быў у блакадзе акупацыйных войскаў РФ. Баі за гэты горад сталі самымі цяжкімі і кровапралітнымі на першым этапе поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У выніку расейскай агрэсіі знішчаныя больш за 90 % усіх збудаванняў гораду і камунікацыяў. У сярэдзіне траўня абаронцы «Азоўсталі» выйшлі з тэрыторыі заводу, дзе трымалі абарону больш за 80 дзён. Пасля гэтага Марыупаль аказаўся ў поўнай акупацыі. Паглядзелі, як жыве горад цяпер.

Жанчына на марыупальскай вуліцы. 25 верасня 2022 года.
Фота: AFP / East News

Нястача медыкаў і пітной вады, чэргі з пенсіянераў

Гарадскі праспект. Абапал дарогі чорнымі дзіркамі глядзяць змучаныя, смяротна параненыя дамы, якія цяпер нагадваюць вялікія разарваныя скарбонкі. Калісьці ў іх вокнах за тонкімі белымі фіранкамі праглядаліся карцінкі сямейных абедаў за кухонным сталом, клапатліва дагледжаныя кветкі ў вазонах на падваконні ці хатнія каты, якія ўважліва назіралі за птушкамі. Цяпер чорныя, у абрамленні вострых кавалкаў разбітага шкла вокны бязгучна крычаць прывідамі мірнага жыцця і халоднаю пустэчу, якая прадзірае наскрозь.

У шмат якіх дварах яшчэ ляжаць трэскі выбітых выбуховымі хвалямі аконных рамаў і дзвярэй, кавалкі бетону і цэглы, якія калісьці былі сценамі, металічныя шкілеты прадзіраўленых кулямі і спаленых аўтамабіляў. Часцяком разбіраць завалы і прыбіраць двары бяруцца мясцовыя жыхары – гэта цяпер адзін з нешматлікіх варыянтаў зарабіць капейчыну.

Гісторыі
«Незнаёмая жанчына напісала, што матуля жывая, але крыху абгарэла». Як Таня ўратавала маці з Марыупалю
2022.05.23 11:11

Марыупальскі шпіталь. На фасадзе пафарбаванага ў белы і аквамарынавы колеры будынку не стае метровых літараў, з якіх складалася назва. Некаторыя разбітыя вокны залепленыя белым кардонам. Дасюль у горадзе бракуе медыкаў. Улетку па Марыупалі хадзіла кішачная інфекцыя, месцаў у палатах не ставала, і людзей клалі звонку. Мясцовыя звязваюць усплёск інфекцыі з тым, што ў горадзе загінулі тысячы асобаў, іхныя целы доўга ляжалі на вуліцах і раскладаліся. Сапраўды, у сакавіку падчас гарадскіх баёў жыхары пачалі хаваць тых, хто загінуў, у дварах, уздоўж дарог, на дзіцячых пляцоўках. Целы, якіх не было каму пахаваць, ляжалі на вуліцах. Вядомы выпадак, калі жанчына выйшла ў двор, села на лаву і памерла: ейнае цела прабыло на гэтай лаве паўтара месяца. Па ўсім горадзе стаяў трупны пах, бадзяжныя сабакі развалаквалі парэшткі целаў. Цяпер большую частку трупаў з вуліцаў гораду і з двароў прыбралі.

Ідуць дзве жанчыны: адной каля 50, другой каля 30. У кожнай руцэ яны трымаюць вялікія пластыкавыя бутэлькі для вады. Яны кіруюцца да напалову разбуранага ўніверсаму, дзе ўжо тоўпяцца дзясяткі іншых мясцовых жыхароў. Чарга расцягнулася на некалькі дзясяткаў метраў. Кожны дзень сюды прыязджаюць валанцёры МНС з пітною вадой. У горадзе яе моцна бракуе.

З прадуктамі сітуацыя крыху лепшая. Раздаюць ежу ў Марыупалі расейскія вайскоўцы, «Единая Россия», МНС, Чырвоны Крыж і прарасейскія валанцёры.

Пункт раздачы гуманітарнай дапамогі з Расеі для пенсіянераў. Звонку – намёты і палявая кухня пад сцягам Расеі і самаабвешчанай «ДНР», на сталах – рондалі з поліўкай і грачанаю кашаю. Да іх выстройваюцца чэргі са сталых людзей, у руках – міскі і пластыкавыя талеркі. Нехта скандаліць, хтосьці абмяркоўвае побытавыя пытанні. Некалькі жанчын разліваюць палонікамі суп у працягнутыя талеркі. У памяшканні побач шэрагамі стаяць сталы з аднолькавымі белымі пластыкавымі талеркі з супам, пластыкавыя лыжкі і кубкі. Асобна стаяць талеркі з нарэзаным хлебам ды пластыкавыя кантэйнеры з нарэзанымі агуркамі і памідорамі. За сталом, плячом да пляча, сядзяць і ядуць сталыя жанчыны і мужчыны.

Тут людзі, выстаяўшы чаргу ў любое надвор’е, могуць атрымаць хоць нейкую ежу і ваду. Але гуманітарнай дапамогі з часам усё меней. Акупацыйныя ўлады аднаразова выплацілі пенсіянерам па 31 тысячы рублёў, каб ім было за што жыць, пакуль яны афармляюць сабе пенсіі. Але пенсіі гэтыя жабрацкія, усяго 6 тысячаў рублёў (Br 246,60).

Жанчына прадае мяса на марыупальскай вуліцы. 25 верасня 2022 года.
Фота: AFP / East News

Чарга каля кодаўба вайсковага цяжкавіка па бясплатны хлеб у адным з гарадскіх раёнаў. Сотні людзей гадзінамі чакаюць моманту, калі ў іхную расхінутую торбу ці пакет упадзе з рук валанцёра бохан. Найбліжэйшы пункт, дзе можна купіць хлеб, – амаль за тры кіламетры адсюль.

Акрамя хлеба, у Марыупалі можна атрымаць набор штомесячнай гуманітарнай дапамогі: некалькі пакункаў мукі і тушонкі, цукар, макарона, рыбныя кансервы, сланечнікавы алей і згушчонка. Раней давалі ўсім, цяпер – толькі пенсіянерам і асобам з інваліднасцю.

Заробкі і кошты ў крамах

Шмат жыхароў гораду вымушаныя ўладкоўвацца на цяжкія фізічныя працы, каб атрымаць хоць мінімальныя выплаты. У асноўным гэта разбор завалаў, прыбіранне вуліцаў. Але гэта не заўсёды бяспечна. Гэтак, у пачатку жніўня прэс-служба Нацыянальнай гвардыі Расеі адсправаздачылася пра размініраванне Металургічнага камбінату імя Ільіча. Роўна праз месяц «тэрабарона ДНР» паведаміла, што падчас прыбірання тэрыторыі камбінату падарваліся чатыры працаўнікі.

Праца ў Марыупалі больш-менш ёсць, але без пашпарта ДНР адпраўляюць прадаўцамі або на разбор завалаў. На разборы атрымліваюць каля 30 тысячаў расейскіх рублёў за месяц. Дворнік зарабляе, напрыклад, 10 тысячаў. Але заробкі часта затрымліваюцца. Працу ў Марыупалі прапануюць мясцовыя ўлады і расейскія будаўнічыя кампаніі. Заробкі – ад 70 000 да 200 000 рублёў за месяц.

На мясцовым кірмашы каля прылаўкаў гандлююць жанчыны. Кілаграм капусты тут каштуе 20 грыўняў, ці 30 расейскіх рублёў (Br 1,37), перцы – столькі ж, морква – 25 грыўняў, ці 40 рублёў (Br 1,72), памідоры – па 50 рублёў за кілаграм (Br 2,06). Усе кошты напісаныя на кардонках ва ўкраінскай і расейскай валютах. Кажуць, што цэны на садавіну і гародніну тут ніжэйшыя, чымся на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Але вось астатняе каштуе даволі дорага. Марыупальцы кажуць, што забылі пах мяса. Сервелат у краме каштуе 850 грыўняў, ці 1280 рублёў (Br 58,38), ёсць і больш танны варыянт, за 600 грыўняў, ці 900 рублёў (Br 41,21). Шакаладка – 130 грыўняў, ці 325 рублёў (Br 8,93). Пяць літраў вады каштуе 20 рублёў, і гэта ў шэсць разоў даражэй, чымся было ва Украіне (яшчэ 23–25 сакавіка марыупальцы плацілі за адзін літр 0,5 грыўні а за пяць – 2,5 грыўні. Цяпер жа – 16 грыўняў). Шампунь, прадметы жаночай гігіены, зубныя пасты, побытавая хімія вельмі дарагія.

Жанчына праглядае вопратку, пакінутую ля агароджы царквы ў Марыупалі. 14 верасня 2022 года.
Фота: AFP / East News

Хлеб марыупальцы набываюць за 40 рублёў (Br 1,65), малако і тварог – за 100 рублёў (Br 4,11). Дэзадарант і кілаграм пернікаў каштуюць аднолькава – 250 рублёў (Br 10,28). Соль – 50 рублёў за кілаграм (Br 2,06). Цікава, што ў крамах усё яшчэ можна знайсці ўкраінскія тавары.

У дамах няма газу, святла і вады

Прыморскі раён. Разбураны чыгуначны шпіталь глядзіць вокнамі-дзіркамі. Каля ганку разбураная сцяна, якая агаляе шпітальныя калідоры і сцены са слядамі куль і снарадаў на першым і другім паверхах. На падлогах – аскепкі разбітай кафлі. На першым паверсе сядзяць дзве немаладыя жанчыны. Адна з кіёчкам, бардовы швэдар накінуты на цёмную ў крапінку сукенку, галава пакрытая сіняю хусткаю ў кветкі. Другая, з больш глыбокімі разорамі зморшчынак на твары, малочнымі валасамі, у вялікім ваўняным светлым швэдры, зашпіленым на ўсе гузікі, і блакітных гумовых ботах. У адным з невялікіх кабінетаў на анучах практычна пад ракавінаю спіць яшчэ адна жанчына, закручаная ў нейкія лахманы. Яна закрывае твар бруднаю пластыкаваю талеркай. Яны і яшчэ дзясятак пенсіянераў жывуць тут з сакавіка. Іх абяцаюць кудысьці рассяліць, але справа не рухаецца.

Да вайны Марыупаль лічыўся адным з самых паспяховых украінскіх гарадоў паводле тэмпаў развіцця. Пасля прыходу «русского мира» гэты партовы і прамысловы горад разбураны на 90 %. У дамах, дзе жывуць людзі, няма газу, ёсць праблемы з ацяпленнем. Калі Расея наступала і нішчыла горад, яна біла ў тым ліку па кацельнях. Цяпер адрамантаваць іх нельга, трэба новае абсталяванне. Расяяне пунктава штосьці латаюць, але грунтоўных працаў не праводзіцца.

Самаабвешчаныя ўлады «ДНР» абяцаюць, што ў Марыупалі з цяплом будуць 732 шматпавярховікі. Усяго ў горадзе 2257 шматпавярховых дамоў, з якіх цалкам непашкоджаныя 889. Прыдатных для жытла шматпавярховікаў каля 1,5 тысячы. Такім чынам, нават калі верыць абяцанням, цяпло будзе ў менш 50 % дамоў, дзе жывуць людзі.

Ёсць таксама праблемы з электразабеспячэннем. Расяяне некалькі месяцаў пракладваюць электрыку па горадзе: кідаюць правады па дрэвах, паміж слупамі, хатамі. Але яшчэ прыблізна ў палове дамоў, дзе жывуць людзі, дасюль няма электрычнасці.

Марыупаль, 25 верасня 2022 года.
Фота: AFP / East News

З амаль паўмільённага насельніцтва гораду цяпер у Марыупалі засталіся, паводле розных ацэнак, ад 150 да 212 тысячаў чалавек, вельмі шмат асобаў сталага веку. За час вайны загінулі, паводле ААН, 1348 чалавек, паводле ўладаў самаабвешчанай «ДНР» – 5000 чалавек, а ўкраінскія ўлады ацэньвалі чалавечыя ахвяры на 22 тысячы загінулых. Ацаніць сапраўдную колькасць ахвяраў цяпер немагчыма.

Людзі жывуць проста ў разбураных дамах, хтосьці без сцяны, хтосьці без вокнаў. У адным з дамоў, напрыклад, з 15 кватэраў ацалелі 4. Каб хоць неяк «залатаць» вокны з пабітым шклом, некаторыя марыупальцы ходзяць па сметніцах і збіраюць, што трапіцца пад руку. Хтосьці зацягвае вокны цыратаю, хтосьці забівае кардонам ці пенапластам. У некаторых дамах, дзе кватэры разбураныя ўшчэнт, людзі жывуць у пад’ездах ці сутарэннях.

У канцы траўня  кіраўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін заяўляў, што «больш за 60 % дамоў у Марыупалі належыць знесці, трэба будаваць новыя». Адміністрацыя самаабвешчанай «ДНР» абяцае кампенсаваць людзям страчанае жытло. Але гэта досыць бюракратычная працэдура, якая займае шмат часу і ўскладняецца колькасцю патрэбных дакументаў. Плюс вялізная колькасць ахвочых гэтую кампенсацыю атрымаць, таму чакаць грошай можна гадамі. Сродкі на кампенсацыі бяруцца з расейскага скарбу.

Hавiны
У Марыупалі целы загінулых выкідаюць разам з будаўнічым смеццем на палігоны
2022.07.02 10:36

Кантрастам да абгарэлых мёртвых дамоў выглядаюць будаўнічыя пляцоўкі, дзе расейскія акупанты будуюць новыя дамы. У заходняй частцы гораду расейскае Міністэрства абароны будуе 12 пяціпавярховак на 1000 кватэраў і медычны цэнтр на месцы былога рынку «Азоўскі». Для гэтай будоўлі нават запусцілі цэментавы ды асфальтавы заводы. Пяціпавярховікі спачатку абяцалі скончыць да канца восені, цяпер гавораць пра заканчэнне будаўніцтва ў канцы года.

Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ў горадзе шмат людзей са зброяй – патрулююць. Час ад часу можна пачуць страляніну. На моры, на гарадскім пляжы частымі гасцямі сталі кадыраўцы і дээнэраўцы нападпітку – адпачываюць.  Па пустых дамах дасюль ходзяць марадзёры. Па вуліцах праязджаюць танкі, але на іх ужо ніхто не звяртае ўвагі – усе прывыклі, вайсковая тэхніка сталася чымсьці звычайным, як грамадскі аўтобус.

Паводле марыупальцаў, у горадзе дадалося аўтамабіляў: на дарогах ужо не разбітыя пасля абстрэлаў машыны, а новыя дарагія аўтамабілі. Большасць – з нумарамі самаабвешчанай «ДНР». Выехаць з Марыупалю можна і ў Расею, і ва Украіну, але з украінскага боку вярнуцца ў горад ужо нельга.

Знішчэнне ўсяго ўкраінскага

Марыупальскія школьнікі ўжо перайшлі на расейскую праграму навучання, а з першых дзён акупацыі на тэлебачанні транслююць выключна расейскія каналы, з усіх бакоў ліецца расейская прапаганда. Актыўнічаюць у горадзе прарасейскія актывісты, якія абвесцілі крыжовы паход супраць рэштак украінскасці ў горадзе і людзей праўкраінскіх поглядаў.

Марыупаль, 25 верасня 2022 года.
Фота: AFP / East News

Каб перавесці навучанне ў Марыупалі на расейскія праграмы, сюды адправілі расейскіх настаўнікаў. У чэрвені ў закрытых настаўніцкіх чатах прапаноўвалі працу на Данбасе з заробкам не менш за 160 тысячаў рублёў за месяц (Br 6608,82). Звычайная заработная плата настаўнікаў у Марыупалі – 19–40 тысячаў рублёў за месяц (Br 784,80–1652,21). Некалькі тысяч настаўнікаў з Данбасу вазілі на перападрыхтоўку ў Расею.

Школьныя лінейкі ў Марыупалі 1 верасня адбываліся пад наглядам вайскоўцаў і паліцыянтаў з аўтаматамі.

Расейцы пакрысе сціраюць у горадзе ўсе сляды ўкраінскай культуры і гісторыі. З пачатку чэрвеня стэлу з назваю гораду перафарбавалі з колераў украінскага сцяга ў колеры расейскага. Шыльды памянялі з украінскай мовы на расейскую. Акупанты зачынілі мясцовы краязнаўчы музей і дэмантавалі помнік ахвярам Галадамору і рэпрэсіяў недалёка ад Драматычнага тэатру.

Hавiны
«Абарона Марыупалю ўвойдзе ў падручнікі гісторыі». Што кажуць пра завяршэнне баёў за горад ва Украіне і РФ
2022.05.20 20:06

На праспекце Міру пасля баёў ацалела плошча Свабоды. Чорнаю кафляю на ёй выкладзеная назва гораду на ўкраінскай мове – Марыупаль. У пачатку чэрвеня ўлады самаабвешчанай «ДНР» вярнулі плошчы яе старую назву – плошча Леніна, і ўзнялі над ёю расейскі сцяг. У пачатку жніўня акупацыйныя ўлады прыбралі мемарыял воінам-вызваляльнікам у выглядзе ўкраінскага трызубца. Замест яго 17 верасня, у Дзень гораду, адкрылі помнік князю Аляксандру Неўскаму.

Днямі ў горадзе пачалі зафарбоўваць знакаміты мурал «Мілана». На ім намаляваная 6-гадовая дзяўчынка, якая ў 2015 годзе пацярпела ад абстрэлаў прарасейскіх бандыцкіх фармаванняў у мікрараёне «Усходні». Ейная маці загінула, прыкрываючы сабою дачку.

Фота
«Марыупаль – гэта Украіна». У Кіеве адбылася акцыя супраць рэферэндумаў аб далучэнні да Расеі
2022.09.24 18:38

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў