Каардынацыйная рада зацвердзіла склад выбарчай камісіі


Каардынацыйная рада на агульным пасяджэнні зацвердзіла склад выбарчай камісіі, якая будзе працаваць падчас выбараў у гэты орган. У склад камісіі ўвайшлі 5 чалавек: тры юрысты, журналістка і тэолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Як гаворыцца ў паведамленні Каардынацыйнай, згодна з вызначанымі правіламі, гэтыя асобы не змогуць быць кандыдатамі на выбарах у раду.

Чальцамі выбарчай камісіі сталі:

Андрэй Атаманчук – юрыст, правазнавец, былы адвакат Менскай абласной калегіі адвакатаў. У канцы сакавіка 2022 года зазнаў пераслед з боку беларускіх уладаў: адседзеў 30 сутак, а затым быў пазбаўлены права на прафесію. Цяпер пражывае ў Літве.

Зміцер Лазавік – юрыст, былы адвакат. Быў назіральнікам на выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе, быў дэлегатам на платформе Сход. У 2021 па месцы рэгістрацыі адваката адбыўся ператрус у межах крымінальнай справы, у якой Зміцер з’яўляўся абаронцам. З 2021 года пастаянна пражывае ў Польшчы, працуе намеснікам дырэктара па развіцці ў камерцыйнай арганізацыі.

Альвіна Мінгазава – юрыстка, былы член Менскай гарадской калегіі адвакатаў. У сувязі з тым, што з 2020 года большасць спраў, якія вяла адвакатка, былі палітычнага характару, у 2022 годзе была вымушана пакінуць Беларусь. Цяпер працуе юрысткай у ініцыятыве Free Belarus Center, якая дапамагае беларусам ва Украіне і Польшчы.

Яраслаў Бекіш – тэолаг-рэлігіязнаўца, магістр паліталогіі ЕГУ, каардынатар сеткі экалагічных грамадскіх арганізацый «Зялёная сетка», былы член кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, былы член праўлення міжнароднага кансорцыўма «ЕўраБеларусь». 3 2001 года быў валанцёрам і назіральнікам ад міжнародных грамадскіх арганізацый на выбарах у Беларусі, Малдове і Украіне. Дэлегат Каардынацыйнай рады 2-га склікання.

Алена Прыходзька – журналістка, медыя-мэнэджарка, грамадская актывістка. Алена зʼяўляецца дэлегаткай КР другога склікання, уваходзіць у склад фракцыі «Шчаслівая нацыя». У 2021 годзе выехала ва Украіну, з пачаткам расейскага ўварвання пераехала ў Еўропу.

Згодна з палажэннем аб выбарах у Каардынацыйную раду, кандыдатуры выбарчай камісіі прапаноўваліся Каардынацыйнай радай Беларусі, Нацыянальнай лідаркай і кіраўніком Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі, Грамадскім арганізацыйным камітэтам, палітычнымі партыямі і прадстаўнікамі грамадскасці. Чальцам камісіі шляхам таемнага галасавання трэба будзе абраць сабе старшыню.

Падчас сваёй працы выбарчая камісія будзе кіравацца такімі прынцыпамі, як незалежнасць, бесстароннасць, прафесіяналізм, празрыстасць. У кампетэнцыі гэтай камісіі будуць уваходзіць такія функцыі, як рэгістрацыя выбарчых суб’ектаў, прыняцце і разгляд зваротаў ад выбарчых суб’ектаў і грамадзян Беларусі, падлік галасоў і падвядзенне папярэдніх і канчатковых вынікаў выбараў, і іх публічнае абвяшчэнне, адмена вынікаў выбараў і інш.

Падрабязней пра функцыі выбарчай камісіі можна пачытаць у палажэнні аб выбарах.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні – да 23:59 27 траўня.

Меркаванні
Выбары? Каардынацыйная рада супраць Нацыянальнага сходу
2023.10.12 18:21

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў