Стагнацыя эканомікі, падзенне рубля, інфляцыя 8,3%: прагноз BEROC на выбарны 2025 год


Даследчы цэнтр BEROC апублікаваў макрапрагноз для Беларусі на 2024–2025 гады. Адмыслоўцы чакаюць, што рост эканомікі запаволіцца да нуля, рубель крыху дэвальвуецца, а рост цэнаў паскорыцца. Пры гэтым намінальны заробак падрасце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскі аўтамабільны завод (МАЗ). Менск, Беларусь.
Фота: belta.by

Сёлета ВУП Беларусі вырасце на 2,1%, мяркуюць аналітыкі эканамічнага цэнтру BEROC. Паводле ж прагнозаў уладаў, паказнік павялічыцца на 3,8%, а ў першым квартале эканоміка, як падлічыў Белстат, вырасла на 4,1%.

Эксперты тлумачаць, што перашкодаю ў такім бурным росце паўстане дасягнутая столь магчымасцяў прамысловасці і існае дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў – у выніку інвестыцыйная актыўнасць сціснецца, а фінансавы стан кампаніяў пагоршыцца.

Зрэшты, BEROC падкрэслівае, што праз высокую нявызначанасць гэты макраэканамічны базавы прагноз можа і не спраўдзіцца, аднак рызыкі такія, што найбольш імаверным лічыцца горшы сцэнар.

У справаздачы адзначаецца, што эканоміцы няма куды расці з увагі на нястачу працаўнікоў, а таксама складанасці з імпартам і няпэўнасцю ў лагістыцы экспарту. Адаб’ецца і ўзмацненне канкурэнцыі на расейскім рынку. Гэтыя чыннікі будуць мацнейшымі за стымулюючую эканамічную палітыку і рост прыбыткаў беларусаў.

Цягам года павелічэнне валавога ўнутранага прадукту будзе запавольвацца, аднак не спыніцца праз высокі спажывецкі попыт, мяккую манетарную палітыку і падтрыманне вонкавага попыту.

Налета, паводле чаканняў BEROC, перагрэтая цяпер эканоміка натуральным чынам пяройдзе да раўнавагі, нягледзячы на высілкі цяперашніх уладаў. Змяніць гэта могуць толькі «новыя маштабныя вонкавыя прэферэнцыі», груба кажучы, калі зноў нешта дасць Расея.

У выніку ў 2025 годзе рост беларускай эканомікі ўпадзе да нуля.

Агляд
Белстат: ВУП разганяецца, нягледзячы на крызіс у IT
2024.04.17 17:43

Заробкі сёлета будуць расці істотна шпарчэй за ВУП, упэўненыя эканамісты. Нельга выключаць, што ў перадвыбарны год улады захочуць асыпаць беларусаў грашыма, акрамя таго, выплаты будуць павялічвацца ва ўмовах дэфіцыту работнікаў. Зрэшты, гэтая нястача можа перастаць быць вострай, калі запаволіцца эміграцыя і ўнутраны ды вонкавы попыт.

Аднак рост заробкаў будзе стрымліваць фінансавы стан прадпрыемстваў, што пагаршаецца праз рэгуляванне цэнаў.

Сёлета, як пазначана ў прагнозе, сярэдні намінальны заробак складзе 2 187 рублёў, налета – 2 369.

Інфляцыя ў сёлетнім снежні складзе 6,1% год да года, а ў снежні налета – 8,3%. Аналітыкі BEROC не выключаюць, што пасля выбараў рэгуляванне коштаў аслабне, каб даць крыху ачуняць кампаніям, таму цэны пойдуць угору праз назапашаны навес – нас дагоніць інфляцыя, якая паводле эканамічных законаў ужо мусіла прыйсці раней.

Каментар
Схаваны перагрэў эканомікі. Тэмпы крэдытавання ў Беларусі застаюцца высокімі
2024.04.01 17:36

Эканамісты чакаюць, што Нацбанк пачне паволі закрываць лавачку з таннымі крэдытамі. Сёлета сярэдняя стаўка новых рынкавых пазыкаў складзе 10,7%, а налета будзе 12,8%. Пры гэтым ад рэгулятара пакуль не чакаюць пераходу да жорсткай манетарнай палітыкі – гэтак неабходнай, каб стрымаць інфляцыйны навес і залішні разгон спажывецкага попыту.

Што датычыць нацыянальнай валюты, то яна зазнае абмежаваны ціск, мяркуюць адмыслоўцы. Прычына – імаверны дэфіцыт вонкавага гандлю, то бок перавышэнне імпарту над экспартам. Вось чаму гэта можа здарыцца:

  • рост імпарту праз залішні ўнутраны попыт;
  • перашкоды ў далейшым павелічэнні экспарту калію і нафтапрадуктаў;
  • узмацненне канкурэнцыі на расейскім рынку;
  • максімальныя магчымасці, у якія ўперлася беларуская прамысловасць;
  • стагнацыя IT-сектару;
  • існыя санкцыі.

Паводле базавага сцэнара беларускі рубель патаннее да кошыку валютаў на 4–6% у апошнім квартале сёлета год да года і на 6–7% – налета.

Інфаграфіка
Дадатнае сальда вонкавага гандлю Беларусі скарацілася за год у пяць разоў
2024.04.16 08:16

Эканамісты BEROC у справаздачы растлумачылі, чаму пры цяперашняй эканамічнай палітыцы ў Беларусі цяжка складаць прагнозы і чаму чаканні могуць не спраўдзіцца:

«Гарызонт прагназавання і планавання захадаў эканамічнай палітыкі ў Беларусі звузіўся да аднаго квартала. Кожны квартал адбываецца пераацэнка прыярытэтаў палітыкі і метадаў іх дасягнення. У выніку эканамічная палітыка прыпазняецца, а не глядзіць наперад, што можа спараджаць надзвычай высокую валатыльнасць эканамічнага цыклу пры ўздзеянні шокаў».

Ва ўмовах зніжэння тэмпаў росту ВУП у сярэдзіне 2024 года дзеянні ўладаў могуць прывесці да крызісу, што беларусы зазналі ў 2009, 2011 і 2014–2015 гадах, і тады ўсе прагнозы можна выкідаць у сметніцу.

Пагаршэнне фінансавага стану кампаніяў з улікам дзяржаўнага рэгулявання цэнаў можа прывесці да хвалі неплацяжоў, што зачэпіць банкаўскую сістэму. «У выніку эканоміка пагрузіцца ў рэцэсію ў спалучэнні з павышанай інфляцыяй і істотным аслабленнем рубля», – папярэджваюць аналітыкі.

Ускладніць сітуацыю могуць новыя санкцыі або ўзмацненне кантролю за выкананнем існых абмежаванняў.

Татальная залежнасць ад Расеі – істотны чыннік няпэўнасці прагнозу, бо зніжае ўстойлівасць беларускай эканомікі да моцных шокаў і павышае рызыкі нечаканых цяжкасцяў.

Нельга выключаць і глабальную рэцэсію ў выніку новага буйнога канфлікту, напрыклад, на Блізкім Усходзе.

Разам з тым, калі ўдасца ўзнавіць у былых аб’ёмах экспарт нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і прадукцыі дрэваапрацоўвання, беларуская эканоміка вырасце болей, чымся прагназуецца. Акрамя таго, нашая краіна «зніме вяршкі» з Расеі, калі там ВУП павялічыцца больш шпарка, чым чакаецца – гэта захавае павышаны попыт на беларускія тавары.

Агляд
Беларусы сталі пазітыўней ацэньваць эканоміку, але не маюць упэўненасці ў заўтрашнім дні
2024.03.27 17:03

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў