«Незнаёмая жанчына напісала, што матуля жывая, але крыху абгарэла». Як Таня ўратавала маці з Марыупалю


Таня Рак нарадзілася і вырасла ў Марыупалі, з лета 2021 года жыла ў Кіеве. У першыя дні поўнамаштабнага ўварвання дзяўчына здолела пакінуць Украіну, але ў абложаным Марыупалі ў яе засталася сям’я. Не маючы сувязі з маці, Таня здолела вывезці яе на бяспечную тэрыторыю. Цяпер яны разам у Варшаве, у бяспецы, спрабуюць адбудаваць жыццё наноў.

Таццяна Рак, уцякачка з Марыупалю. Варшава, Польшча. 16 траўня 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

«Усе думалі, што пастраляюць на ўскрайках, як у 2014-м…»

«Марыупаль – горад вельмі прамысловы. Ты можаш атрымоўваць гуманітарныя спецыяльнасці, але, хутчэй, усё роўна будзеш працаваць на прадпрыемстве. Я працавала журналісткаю і PR-менеджаркай у сацыяльных і тэхналагічных праектах. Хацелася працаваць з больш маштабнымі праектамі, але не было магчымасцяў», – пачынае размову Таня.

Дзяўчына прыгадвае, што ўзімку атмасфера ў Кіеве і Марыупалі была вельмі розная. Калі ў сталіцы тэма імавернага ўварвання Расеі актыўна абмяркоўвалася і напружанне ледзь не вісела ў паветры, то ў Марыупалі было зусім інакш. Перадусім таму, што жыхары гораду добра памяталі падзеі 2014-га:

«У памяці надоўга застаўся дзень 13 ліпеня 2014 года. Я жыла ў цэнтры Марыупалю насупраць галоўнага штабу «ДНР». У той дзень яго пастанавілі зачысціць украінскія войскі. Я падышла да вакна, а там ляталі снарады, на даху былі снайперы. Я спрабавала выехаць з раёну, але аніхто не мог забраць: ні сябры, ні таксоўцы. Памятаю, на вуліцы проста ляжалі трупы».

Гісторыі
«Моцна не баяўся – Афганістан прайшоў». Лекар з Марыупалю тыдзень ехаў у Варшаву аўтам, якое трапіла пад абстрэл «Градам»
2022.05.04 13:12

Подых вайны быў з марыупальцамі ўсе 8 гадоў.

«Часам гуляеш каля мора і чуеш стрэлы. Але пасля 2015 года стала спакойна, дый большасць гараджанаў былі праўкраінскія. Таму шмат хто думаў, што паўторыцца 2014-ы: пастраляюць па ваколіцах і перастануць», – прыгадвае дзяўчына.

«Я спрабавала вылічыць, стаіць мой дом ці ўжо не»

Фота: ЯМ / Белсат

Калі жыхары Кіева 24 лютага прачнуліся ад моцных выбухаў, то ў Марыупалі першыя дні вайны былі спакойныя. Але ўжо даволі хутка пачалася блакада гораду:

«Увечары 2 сакавіка прапала сувязь. Я тады размаўляла з мамай, і яна сказала, што чула моцныя выбухі, у яе знік інтэрнэт. Яна папрасіла мяне даведацца, што адбываецца. Высветлілася, што выбухнулі вежы сувязі. Прычым усе ў горадзе. Першапачаткова казалі, што сувязі не будзе дзень-два. Але яе няма і да сёння».

Адзінаю крыніцай інфармацыі пра родных для дзяўчыны сталіся Telegram-каналы, якія распавядалі пра сітуацыю ў абложаным горадзе: «Я пастаянна чытала, куды прылятаюць ракеты, і спрабавала вылічыць, стаіць мой дом ці ўжо не».

Фота: ЯМ / Белсат

Думкі, каб выехаць з гораду ў пачатку вайны, у мамы Тані – спадарыні Марыны – не было ўвогуле. У іншым раёне гораду жыў ейны 89-гадовага бацька, які адмаўляўся выязджаць: маўляў, перажыў Галадамор, Другую сусветную вайну, дык і гэтую вайну перажыве. Да таго ж сям’я баялася марадзёраў.

Праўда, далей сітуацыя толькі абвастралася. У склеп спадарыня Марына спускацца баялася: там былі вокны, якія часта прастрэльваліся. Ужо прыблізна 19-20 сакавіка пачаліся вельмі моцныя абстрэлы: прыляталі міны, з самалётаў скідваліся бомбы.

«Матуля зразумела, што трэба ўжо хавацца ў сутарэнні. Але выйсці з пад’езду яна не здолела: дзверы былі заблакаваныя. Яна заставалася адна ў цэлым пад’ездзе, калі загарэўся дом. Я не ведаю, гэта нейкі цуд. Суседзі пачулі крыкі і выламалі дзверы, ім удалося ўратаваць матулю з ахопленага агнём будынку. Потым яна перажыла яшчэ адзін пажар. Тым разам загарэлася сутарэнне, дзе ўсе хаваліся», – распавядае Таня.

Падчас фільтрацыі спалі на кардонках

Спадарыня Марына ўвесь час спрабавала забраць бацьку, але не здолела дабрацца ў іншы раён: там былі вельмі моцныя абстрэлы. У выніку жанчыну валанцёры вывезлі ў суседнюю з Марыупалем вёску пад кантролем «ДНР».

Маці Тані падчас фільтрацыі жыла ў пакоі, які больш нагадваў барак без аніякіх умоваў. Трэба было спаць на кардонках, дармовай ежы выдавалі вельмі мала, а кошты ў крамах былі касмічныя.

«Там я ўпершыню атрымала паведамленне ад мамы. Незнаёмая жанчына напісала мне ва «WhatsApp», што матуля жывая, але крыху абгарэла. Потым тая ж жанчына перадала, што мама вяртаецца ў Марыупаль, каб забраць дзядулю. Але моцныя абстрэлы працягваліся, і зрабіць гэтага яна не здолела», – прыгадвае Таня.

Дзяўчына спалохалася, што, калі маці паедзе па дзядулю, можа ўжо не вярнуцца. І праз знаёмых перадала ёй, каб тая выязджала на ўкраінскую тэрыторыю. Цяпер з Марыупалю выехаць у Запарожжа – найбліжэйшы горад, які кантралюецца Украінаю, – немагчыма.

Вельмі шмат махляроў

Фота: ЯМ / Белсат

Цяпер з Марыупалю магчыма выехаць толькі на тэрыторыі, падкантрольныя «ДНР», або ў Расею. Прычым аўтобусы ў Растоў запускаюць расейскія вайскоўцы. Адтуль ужо людзі намагаюцца выехаць у Эстонію.

Таня распавядае, што сярод перавознікаў вельмі шмат махляроў. Яна і сама натрапіла на аднаго з такіх у спробах уратаваць маці: «Я знайшла праз знаёмых мужчыну, які абяцаў дапамагчы за 3 тысячы долараў. Перадаплата – 1,5 тысячы. У мяне такіх грошай не было, але мне дапамагла кампанія, у якой я працавала тады. Я перавяла яму патрэбную суму, ён спачатку быў на сувязі, а потым знік. А потым у нейкі дзень мне а 6-й раніцы патэлефанавалі, распавялі, што ён аферыст. Але яго моцна пабілі, і ён вярнуў мне грошы».

Маці ўдалося вывезці ў сярэдзіне красавіка дзякуючы валанцёрам. Спадарыня Марына даехала да акупаванага Бярдзянску і трапіла на паўторную фільтрацыю. Даволі хутка ёй удалося выехаць у Запарожжа. Дарога, якая звычайна займала 2 гадзіны, цягнулася содні.

Фота: ЯМ / Белсат

У Запарожжы спадарыню Марыну пакармілі, далі ежу, бо з Марыупалю жанчына забрала толькі дакументы і дублёнку памерлага мужа. Адтуль яна рушыла ў Львоў. Дарога заняла 28 гадзінаў. У Львове жанчына прыходзіла ў сябе, а таксама лячыла апёкі і трэшчыну ў назе, якую атрымала, калі выбіралася з завалаў.

Дзядуля надалей застаецца ў Марыупалі

Тое, што дзядуля Тані жывы, стала вядома прыблізна 17 траўня. Больш за 2 месяцы аніякай інфармацыі ад яго не было.

Выявілася, што ўвесь гэты час дзядуля правёў у сваёй кватэры. Там павыбівала вокны і дзверы, але будынак застаўся цэлы. Да 18 сакавіка спадарыня Марына прыносіла яму харчы. Потым – невядома. Для Тані загадка, як ён перажыў найбольш жорсткія дні, бо ў тым раёне няма крыніцаў, з якіх звычайна бралі ваду: «Асобы, праз якіх мы атрымоўваем інфармацыю, кажуць, што ён спускаўся, і суседзі, калі гатавалі на вогнішчы ежу, частавалі і яго».

Магчыма, дзядулю ўдасца вывезці ўжо найбліжэйшым часам. Таня знайшла чалавека, які б даглядаў сталага мужчыну з інваліднасцю ў доўгай дарозе.

Пра жыццё ў горадзе цяпер

Фота: ЯМ / Белсат

У Марыупалі акупанты намагаюцца аднавіць водазабеспячэнне. Удаецца слаба: вуліцы залітыя вадою, усё плыве. А праз заваленыя трупамі ваколіцы від у горадзе постапакаліптычны. Міжнародная арганізацыя здароўя папярэджвае пра магчымасць эпідэміі халеры.

Пачынаюць аднаўляць працу школы. Як дзеці вучацца без электрычнасці, вады і цяпла, няясна. Сшыткі яны падпісваюць як «г. Марыупаль Растоўскай вобласці». З ежы – дээнэраўскія пайкі: тушонка, макарона, рыс. Ёсць людзі, якія вяртаюцца ў Марыупаль з Заходняй Украіны або іншых месцаў. У горадзе па-ранейшаму няма камунікацыяў, але яны хочуць жыць у сваіх дамах. Ёсць і тыя, хто проста жыве ў сутарэннях.

Гісторыі
«Там жывуць не больш за два дні». Украінец два месяцы хаваўся ад прызыву ў атрады «ДНР» – і змог з’ехаць
2022.05.05 14:22

Працуюць некалькі лякарняў: дактары жывуць у склепах ці на працы. Таксама можна разграбаць завалы. Грошы марыупальцам плоціць Расея. Камунікацыі і ўніверсітэты аднаўляць пакуль не плануюць. Пітную ваду збольшага бяруць з крыніцаў, валанцёры іх развозяць па асобах, якія не могуць выходзіць з будынкаў.

Жыццё «на аўтамаце»

Фота: ЯМ / Белсат

Час, калі з роднымі не было аніякай сувязі і працягваліся моцныя абстрэлы, Таня прыгадвае з жахам. Кажа, што жыла «на аўтамаце»:

«Прачынаешся а 5-й раніцы, калі пачынаюць працаваць Telegram-каналы, і пачынаеш шукаць інфармацыю, пішаш, бясконца пішаш усім, хто можа мець хоць нейкія звесткі пра блізкіх. Ты баішся пабачыць імя сваіх сваякоў сярод загінулых, свой адрас сярод разбомбленых дамоў».

Таня жыве ў Варшаве, кажа, што не мае вялікіх планаў на будучыню. Яна плануе выцягнуць з акупаванага гораду дзядулю, а потым збіраецца фінансава ўтрымліваць сям’ю:

«Я не ведаю, ці здолее мама тут знайсці працу, яна ўсё-ткі пенсійнага ўзросту, ці захоча ў прынцыпе шукаць працу. Я працую на дзвюх працах, планую выйсці на трэцюю. Галоўнае для мяне – бяспека маіх блізкіх. Нічога больш мяне не хвалюе».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў