«Repubblica»: NATO можа ўмяшацца ў вайну ва Украіне, калі ў яе будзе ўцягнутая Беларусь


Войскі NATO могуць умяшацца ў вайну ва Украіне, калі ў яе будзе ўцягнутая Беларусь або калі Расея атакуе краіны Балтыі, Польшчу або Малдову, сцвярджае выданне «Repubblica».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

«Упершыню з пачатку вайны NATO ў вельмі канфідэнцыйнай форме і без афіцыйных паведамленняў усталявала прынамсі дзве чырвоныя лініі, за якімі можа паследаваць прамое ўмяшанне ў канфлікт ва Украіне», – піша «Repubblica».

Выданне падкрэслівае, што пакуль што няма ніякіх аператыўных планаў, якія б прадугледжвалі адпраўку людзей, а ёсць толькі ацэнкі магчымых планаў пры надзвычайных сітуацях, калі ў вайну будуць уцягнутыя трэція бакі.

Першай чырвонай лініяй можа стаць прамы або апасродкаваны ўдзел у вайне трэцяга боку – фактычна ўцягненне Беларусі. Пры гэтым сцэнары магчымы прарыў на паўночным захадзе Украіны, што можа стварыць «калідор паміж Украінай і Беларуссю».

«Тактычны варыянт нядаўна прызнаны верагодным некалькімі аналітыкамі хаўруснікаў. Тады Менск быў бы непасрэдна ўключаны ў вайну. Яго войскі і арсенал мелі б вырашальнае значэнне для Масквы. І гэтая акалічнасць магла б толькі актывізаваць абарону на карысць Украіны», – адзначае аўтар артыкула.

Другой чырвонай лініяй можа стаць ваенная правакацыя Расеі супраць краінаў Балтыі, Польшчы або напад на Малдову.

«Гэта не абавязкова будзе ваенным уварваннем, якое можа адбыцца пасля наступу на Адэсу, а проста ваенны ўдар, каб праверыць рэакцыю Захаду», – піша «Repubblica».

Такім чынам Масква можа зрабіць праверку войскаў NATO на здольнасць рэагаваць падчас «фазы магчымай неразбярыхі», пад якой у Крамлі ўспрымаюць электаральныя кампаніі ў Еўропе і ЗША. Гэта «можа прымусіць Крэмль падумаць, што ўвага NATO адцягваецца, аднак Альянс не захоча мірыцца з такой агрэсіяй».

Нагадаем, што кіраўнік NATO Енс Стольтэнбэрг падчас наведвання 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады імя генерала Тадэвуша Касцюшкі ў Варшаве адзначыў NATO зʼяўляецца абарончым альянсам, які не імкнецца да канфлікту з Расеяй. Аднак, дадаў ён, Альянс мае намер гарантаваць бяспеку людзей, якія пражываюць на тэрыторыях краінаў-чальцоў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў