Пачатак траўня выдаўся досыць цёплым. Але на тыдні з 6 па 12 траўня цёплае паветра зменіцца на прахалоднае. Магчымы нават замаразкі, што ўскладніць жыццё агароднікам і садоўнікам. Пра гэта расказаў у эфіры ОНТ сіноптык Дзмітрый Рабаў.
У пачатку працоўнага тыдня тэмпература ў краіне паміж поўначчу і поўднем будзе кантраснай. Надвор’ем будуць кіраваць халодныя атмасферныя франты і вільготнае паветра.
Чакаюцца дажджы амаль па ўсёй Беларусі, днём магчымыя навальніцы. Вільготнасць да 90 працэнтаў.
Тэмпература раніцай ад + 5 ℃ па поўначы да + 12 ℃ па поўдні. Днём на поўначы не пацяплее, а на поўдні будзе да + 20 ℃.
У сярэдзіне тыдня пахаладае ўжо паўсюдна. З-за паўночнага ветру будзе здавацца, што тэмпература ніжэйшая, чым насамрэч. Аблокаў і дажджоў у большасці раёнаў стане менш.
Вільготнасць застанецца па-ранейшаму высокай. Уначы чакаюцца першыя травеньскія замаразкі: у сераду ад – 2 ℃ па поўначы да + 7 ℃ па паўднёвым захадзе. Днём жа ад + 7 да + 13 ℃.
9 траўня будзе халаднавата, але без дажджу. Вецер паўночна-заходні, умераны. Лёгкі мароз не пакіне і ўначы: ад – 2 да + 2 ℃ па краіне. Сёння ад + 8 да + 13 ℃. У пятніцу – на адзін градус вышэй.
Дождж, няхай і кароткачасовы, вернецца ў суботу і нядзелю.
Будзьце асцярожныя на дарогах, бо ўначы і раніцай месцамі прагназуецца смуга. Бачнасць – усяго да паўкіламетра.
Курткі хаваць ранавата, хоць мароз і адступіць. Уначы на вуліцы ад + 3 да + 8 ℃, у сярэдзіне дня ў суботу і ў нядзелю ад + 8 ℃ у Віцебскай вобласці да + 18 ℃ у Берасцейскай.
Нягледзячы на неспрыяльныя з’явы надворʼя, можна спадзявацца на плаўны пераход да лета.
Большасць дзён у траўні павінны быць цёплымі і камфортнымі. Сярэдняя месячная тэмпература – ад + 12 ℃ на паўночным захадзе да + 14 ℃ на поўдні краіны. Гэта на некалькі градусаў вышэй за шматгадовыя паказчыкі.
Месячная колькасць ападкаў у траўні павінна супасці з кліматычнай нормай. Гэта значыць, што беларусам давядзецца правесці з дажджамі каля 11 – 14 дзён.
З неспрыяльных зʼяў надворʼя на травень прагназуюць туманы, навальніцы, град, шквалісты вецер і замаразкі.
Нягледзячы на лёгкія замаразкі, надворʼе ў Беларусі пераходзіць да лета.
Умоўная мяжа – сярэдняя сутачная тэмпература вышэй + 14 ℃. На поўдні краіны гэта адбываецца ў пачатку другой дэкады траўня, а ў цэнтральнай і паўночнай частках – у трэцяй дэкадзе.
Ася Саковіч belsat.eu