Навагодняя «бавоўна»: Украіна забіла сотні расейцаў. Магчыма, абстраляла расейскія гарады


Расея ў святочныя дні наносіла ўжо звыклыя ўдары па Украіне, але не падобна, каб яны былі надта паспяховымі. Украіна ж правяла як мінімум дзве надзвычай паспяховыя атакі.

Руіны макееўскай ПТВ № 19, дзе загінулі дзясяткі, калі не сотні расейскіх вайскоўцаў. Макееўка, Украіна. 2 студзеня 2023 года.
Фота: РИА Новости

У апошні дзень 2022 года і ў першыя два дні 2023-га Украіна нанесла Расеі вялікія страты: як мінімум два ўдары па расейскіх пазіцыях на акупаваных тэрыторыях прывялі да смерцяў дзясяткаў, калі не сотняў вайскоўцаў, і тры дні запар штосьці выбухала ў расейскіх гарадах, далёкіх ад фронту.

Расея таксама біла па тэрыторыі Украіны, адзін з удараў нават быў бачны ў жывым эфіры французскай тэлевізіі. Паводле афіцыйных звестак, з 31 снежня па 2 лютага загінулі як мінімум 6 мірных жыхароў, а раненні атрымалі 69. Па мерках вайны ва Украіне гэта, на жаль, звычайныя лічбы, якімі расейскія войскі наўрад ці могуць ганарыцца.

Пра страты сярод сваіх вайскоўцаў украінскі бок не паведамляе, але расейскі бок не хваліўся істотнымі вайсковымі поспехамі (калі не лічыць паведамленні Міністэрства абароны Расеі, якое завышае свае поспехі да абсалютна нерэальных лічбаў).

Расейскі бок прызнаў свае страты ад удару ў Макееўцы – такое бывае нячаста. Але выбухі на тэрыторыі Расеі на афіцыйным узроўні амаль не заўважылі. Звычайна ў Расеі пра выбухі не кажуць: калі нешта здараецца, кажуць хіба пра «хлапок». Украінцы ж дражняць расейцаў словам «бавоўна». І гэтай «бавоўны» ў апошнія дні было незвычайна шмат.

31 снежня. Чулакоўка

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны 3 студзеня заявіў, што 31 снежня ўкраінскія войскі нанеслі ўдар па расейскіх пазіцыях у раёне сяла Чулакоўка Херсонскай вобласці – у акупаванай левабярэжнай частцы вобласці, на поўдні ад Херсону. Пра ўдар па Чулакоўцы ў ноч на 2 студзеня таксама паведамляла, але без падрабязнасцяў, Упраўленне стратэгічных камунікацыяў Украіны.

Цяпер Генштаб ЗСУ заяўляе, што Расея страціла ў Чулакоўцы каля 500 вайскоўцаў забітымі і параненымі. Таксама Генштаб ЗСУ піша пра ўдар па расейскіх вайскоўцах у Фёдараўцы ў Херсонскай вобласці, але не называе колькасць загінулых і нават не ўдакладняе, у якім раёне гэта было – а Фёдаравак у вобласці шмат.

Расейскія медыі і блогеры нічога не пішуць пра Чулакаўку. Хіба адзін з папулярных праваенных каналаў заяўляе, што «камандзіры з месцаў інфармацыю не пацвярджаюць». Таксама пакуль не з’явіліся фота і відэа, якія пацвярджалі б атаку. Але ўдар цалкам імаверны: ад падкантрольнай Украіне тэрыторыі да Чулакоўкі ўсяго 20 км, а ўкраінскія крыніцы раней паведамлялі пра расейскія пазіцыі ў гэтай частцы Херсонскай вобласці.

31 снежня. Выбухі ў Расеі і ў Крыме, шмат «укідаў»

Цягам дня 31 снежня расейскія войскі ладзілі абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, але з’яўляліся і шматлікія паведамленні пра выбухі ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Падобна, менавіта ў гэты дзень украінскія войскі спрабавалі атакаваць штосьці на тэрыторыі акупаванага Крыму – у Джанкоі бачылі, як працуе супрацьпаветраная абарона. Таксама выбухі чулі ў Белгародскай вобласці Расеі – але там іх чуваць штодня. Ды ні ў Крыме, ні ў Белгародскай вобласці не было звестак пра трапленні і ахвяраў.

Паведамленні пра выбухі ў большасці расейскіх гарадоў 31 снежня не пацвердзіліся або не былі звязаныя з вайной ва Украіне. Напрыклад, разляцелася паведамленне пра выбух у Омску, але яго абверглі мясцовыя ратавальнікі: быў толькі моцны пажар у прыватным сектары (ды і ад Омска да Украіны звыш 2000 км). Здарэнне на Растоўскай АЭС у гэты дзень сапраўды было, але яно наўрад ці звязана з вайной: «Росатом» паведаміў пра пажар на трансфарматарным блоку, які хутка згасілі, а пра выбухі ці сляды пускаў ракет з Растова не пісалі.

Ноч на 1 студзеня. Макееўка

У навагоднюю ноч у Макееўцы – прадмесці Данецку ў акупаванай частцы вобласці – украінскія войскі нанеслі ўдар па расейскай вайсковай базе ў будынку вучэльні. Расейскі бок прызнаў удар і мноства ахвяраў.

Паводле звестак украінскага боку, у выніку атакі загінулі каля 400 расейскіх вайскоўцаў, яшчэ каля 300 атрымалі раненні. Мінабароны Расеі прызнала смерць 63 вайскоўцаў. BBC адзначыла, што гэта адна з найбуйнейшых адзінаразовых стратаў расейскіх войскаў ва Украіне. Расейскі блогер і былы кіраўнік баевікоў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) пісаў, што загінулі і былі параненыя «многія сотні» чалавек, пераважна – мабілізаваныя.

1 і 2 студзеня. Выбухі ў Расеі, у Данецку і Мелітопалі

У адрозненне ад 31 снежня, 1 і 2 студзеня некаторыя паведамленні пра выбухі ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны пацвердзіліся.

Ноччу 1 студзеня ў Варонежы чулі выбухі ў раёне аэрадрому «Балтымор», дзе базуюцца расейскія бамбавальнікі. На ўдар па Варонежы незадоўга да гэтых выбухаў намякаў галава Мікалаеўскай вобласці Віталій Кім. Расейскія медыі заяўляюць, што гэта збілі ўкраінскі выведны беспілотнік, а ахвяраў і разбурэнняў няма. Калі гэта і праўда быў беспілотнік, запушчаны з тэрыторыі Украіны, то яму ўдалося праляцець над Расеяй не менш як 170 км.

У ноч на 2 студзеня ў Клімаўскім раёне Бранскай вобласці Расеі, што на мяжы з Украінай, адбыўся выбух на энергетычным аб’екце. Расейскія ўлады заявілі, што гэта была атака ўкраінскага беспілотніка, што пацярпелых няма, але ў пасёлку на паўдня адключылася электрычнасць.

Як мінімум два сяла ў Белгародскай вобласці Расеі трапілі пад абстрэлы 2 студзеня, але ў абодвух выпадках мясцовыя ўлады заяўлялі, што пацярпелых няма.

У ноч на 3 студзеня паведамлялі пра «хлапкі» і працу супрацьпаветранай абароны ў Курску. Ці была гэта ўкраінская атака, невядома. Вядома хіба, што пажарныя машыны ехалі ў бок падшыпнікавага заводу.

Цягам 1 і 2 студзеня таксама з’яўляліся шматлікія паведамленні пра абстрэлы на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны: у Данецку, у Бярдзянску і вакол яго (там, як сцвярджае ЗСУ, 175 параненых расейскіх вайскоўцаў), у Мелітопалі, у Палогах Запарожскай вобласці, у крымскіх Севастопалі і Сімферопалі

Як гэта каментуюць

Удар па Макееўцы выклікаў сярод расейскіх праваенных «Z-каналаў» значна больш абурэння, чым атакі па тэрыторыі Расеі. Наракаюць пераважна на тое, што жывую сілу і тэхніку размяшчаюць шчыльна і без маскавання ў зоне паражэння ракетамі з комплексаў HiMARS, а не рассейваюць па прыватных будынках, і на тое, што на памылках не вучацца.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Міністэрства абароны Расеі, імаверна, будзе перакладваць адказнасць за страты ў Макееўцы на чыноўнікаў «ДНР» і мабілізаваных. У «ДНР» у сваю чаргу вінавацяць мабілізаваных, які карысталіся асабістымі мабільнымі тэлефонамі. «Z-каналы» гэта абвяргаюць і крытыкуюць расейскае вайсковае камандаванне.

Спачуванні сем’ям загінулых выказваюць адзінкавыя расейскія чыноўнікі, але на найвышэйшым узроўні што пра Макееўку, што пра атакі на расейскія гарады не кажуць публічна. Беларускі гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу на тое, што Мінабароны Расеі ў сваім паведамленні пра Макееўку спачатку пахваліліся двума збітымі снарадамі, а толькі потым напісала пра дзясяткі сваіх салдатаў, якія загінулі ад чатырох снарадаў, што не збілі.

Украінскі бок, як звычайна, не пацвярджае і не абвяргае ўдараў па тэрыторыі Расеі. Па ўкраінскіх сацсетках разляцеўся тыповы прыклад гэтага: у каментары амерыканскаму «ABC News» кіраўнік украінскай ваеннай выведкі Кірыл Буданаў кажа, што хіба толькі пасля вайны зможа сказаць, ці наносілі ўкраінцы ўдар па расейскай базе, але ўдары будуць «усё глыбей і глыбей» у тэрыторыі Расеі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў