З 20 жніўня Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку ўзначаліў Андрэй Улезла. Раней ён займаў пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Белбакалея».
Вакансія была адкрытая з траўня, цяпер яе закрылі, распавяла belsat.eu начальніца галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Менгарвыканкаму.
«Так вырашыў наймальнік, а наймальнік – кіраўнік Менгарвыканкаму Андрэй Шорац», – пракаментавала Ірына Янушэвіч.
Улезла – трэці кіраўнік упраўлення за апошнія паўтара года. Папярэднія знаходзяцца пад вартай.
Сяргея Барысевіча абвінавачваюць у карупцыі і крадзежы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Ццяпер ідзе суд. Барысевіч віну адмаўляе.
У дачыненні да Андрэя Дамарацкага працягваюцца следчыя дзеянні. Чыноўніка затрымалі ў траўні. Яму інкрымінуюць злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Дамарацкі да верасня 2017 займаў пасаду намесніка старшыні Менгарвыканкаму – курыраваў гандаль.
ДР belsat.eu