Браты па нафце. Расея пагражае судом за павышэнне тарыфаў на транзіт «чорнага золата»


Карціна «Дружба» расейскага мастака Васі Ложкіна

У Федэральнай антыманапольнай службе (ФАС) Расеі назвалі аднабаковае павышэнне Беларуссю тарыфаў на транзіт расейскай нафты «неймаверным» крокам.

«Вырашэнне сітуацыі магчымае ў судовай плоскасці», – заявіў начальнік упраўлення кантролю ПЭК (паліўна-энергетычнага комплексу) ФАС Расеі Дзмітрый Махонін.

«ФАС, як рэгулятар усяго, толькі атрымала ліст аб намерах Беларусі змяніць кошт. Пра тое, што цана змененая, мы даведавемся з медыяў. Цяпер з боку «Транснефть» і з боку беларускага канкурэнтнага ведамства ў наш адрас няма афіцыйных матэрыялаў, якія кажуць пра тое, што цана змененая, але па факце, мы разумеем, што гэта так і ёсць», – сказаў чыноўнік.

Паводле чыноўніка, парушэнне ўсіх палажэнняў і дамоўленасцяў у межах міжурадавага пагаднення ставіць пад пытанне легітымнасць павышэння коштаў беларускім бокам.

«Магу адразу сказаць, што павышэнне, пра якое мы ведаем, у 1,5 разы – яно, вядома, зʼяўляецца неймаверным, бо мы павінны разумець, што транзітны паток – ён фактычна не змяніўся», – дадаў Махонін.

«Ні «Гомельтранснафта Дружба» ні «Полацктранснафта Дружба» (аператары паўночнай і паўднёвай галінаў трубаправоду «Дружба» – заўв. belsat.eu) не накіроўвалі ў «Транснефть» запыты аб пазапланавай змене тарыфаў на транзіт расейскай нафты», – цытуе прадстаўніка дзяржкампаніі «Транснефть» ТАСС. Пазней кампанія паскардзілася на беларускі ўрад у ФАС.

11 кастрычніка Беларусь павысіць тарыфы на паслугі па транспартаванню нафты па магістральных трубаправодах адкрытых акцыянерных таварыстваў «Гомельтранснафта Дружба» і «Полацктранснафта Дружба». Павышэнне прадугледжана ў пастанове № 30 ад 28 верасня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, апублікаванай 1 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Гэтае рашэнне выклікала незадаволенасць расейскай кампаніі «Транснефть» – павышэнне было пазапланавым.

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by, rg.ru, ТАСС

Стужка навінаў