У Instagram yahor_diesel апублікаваў відэа пра тое, як каля супермаркета «Еўраопт» у Лідзе гараджане корпаюцца ў сметніку з пратэрмінаванымі прадуктамі. Гнілую гародніну выкінуў адзін з супрацоўнікаў гандлёвай сеткі, назваўшы ежу брыдотай.
Хлопец падышоў бліжэй да людзей.
«Людзі – жабракі, галодныя… Хочаш выкласці, што ёсць такія ў нас у краіне? Не сумнявайцеся. На гэта жудасна глядзець, але што зробіш, вось такая ў нас краіна, жабрацкая, галодная», – кажа жанчына.
«Куды ўладкавацца на працу, як пражыць?» – адказаў мужчына.
Аўтар блогу Ягор Смарчкоў запытаўся, ці пайшоў бы мужчына працаваць, калі б праца была.
«Вядома, з вялікім задавальненнем. Я скончыў школу з залатым медалём, скончыў тэхнікум з чырвоным дыпломам, а цяпер не магу знайсці працу. А цяпер што? Я бомж. Хаця не, я не бомж. У дачкі ёсць кватэра, дзякуй ёй. Але што есці, чым харчавацца. Я ж мужык, мне трэба чымсці харчавацца. Даводзіцца апускацца ніжэй за плінтус. Гэта не мы такія, гэта жыццё такое», – кажа мужчына.
У каментары дзяржаўнаму тэлебачанню на святкаванні 1 траўня Ірына Касцевіч заявіла, што за красавік атрымалася ўладкаваць на працу больш за 85 тысячаў чалавек па ўсёй краіне. Але не паведаміла, на якую працу і за якія грошы.
ДР belsat.eu