У Берасці паспрабавалі аднавіць апошні мірны дзень перад пачаткам вайны. Гэта штогадовае мерапрыемства, але «святкаванне вайны» з кожным разам мае ўсё меншы размах.
Сёлета каля 350 чалавек у форме савецкай арміі прайшлі шэсцем берасцейскімі вуліцамі. Пасля чаго на адной з цэнтральных вуліцаў Берасця – Савецкай – зладзілі тэатралізаваную пастаноўку пра «апошні мірны дзень» пад назваю «Заўтра была вайна».
Горад напоўніўся людзьмі ў форме НКВДшнікаў ды цывільным адзенні савецкага часу. Шмат хто бавіў час у вулічных кавярнях, людзі весяліліся і спажывалі алкаголь.
Мы запыталі ў чалавека ў форме НКВД, чаму ён апрануў яе і ці ведае пра рэпрэсіі, якія чынілі байцы ў такой форме. У адказ пачулі, што «гэта няпраўда і НКВД не расстрэльваў людзей».
Людзі якія прыйшлі на мерапрыемства з большага пазітыўна ставяцца да рэканструкцыі і лічыць, што гэткім чынам праяўляецца патрыятызм, а некаторыя называюць гэта святам і кажуць, што гэты дзень трэба памятаць.
Вось толькі мала хто памятае, што вайна для Берасця пачалася ў верасні 1939 году.
СА, belsat.eu