Сёння раніцай затрымалі аднаго з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
Пра гэта паведаміла жонка Яўгена Афнагеля Кацярына Людвіг у каментары «Хартыі-97».
Паводле яе, дом ужо некалькі дзён быў «у аблозе», з кожнага боку дзяжурыла па адным «бусіку» з АМАПам.
«Сёння раніцай амапаўцы падышлі да дома і сказалі, што ёсць загад на затрыманне ў любым выпадку, нават калі не выйдзе з дома да 26 сакавіка. Сказалі, што будуць браць дом штурмам, выкарыстоўваць спецсродкі, пыталіся, ці ёсць маленькія дзеці ў доме, сказалі, што выломліваць будуць нават міжпакаёвыя дзверы, біць шкло», – распавяла Кацярына Людвіг.
Паводле яе, за старыя акцыі «даўгоў» у выглядзе адміністрацыйнага арышту ў Яўгена няма. Сёння будзе суд, дадала Кацярына.
21 сакавіка былі арыштаваныя іншыя прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэсу – Уладзімір Някляеў, Максім Вінярскі і Вячаслаў Сіўчык.
Максіму Вінярскаму і Уладзіміру Някляеву прысудзілі 10 содняў адміністрацыйнага арышту, Вячаславу Сіўчыку – 5 содняў.
НМ, belsat.eu