Як «Белсат» з праваабаронцамі шукалі ўдзельнікаў супрацькляшчовых захадаў


Абвесткі на дрэвах у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Фота: «Белсат»

З-за правядзення захадаў супраць кляшчоў у Берасцейскім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў гарвыканкам забараніў 15 мітынгаў супраць запуску акумулятарнага заводу. «Белсат» 14 траўня разам з заяўнікам акцыяў Раманам Кісляком адправіліся ў парк, каб паназіраць, як улады змагаюцца з кляшчамі.

Але спачатку мы патэлефанавалі ў адзіную арганізацыю, упаўнаважаную ў Берасці змагацца з гэтым небяспечным шкоднікам – дзяржаўную ўстанову «Берасцейскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

– Добры дзень! Я збіраюся прыехаць у Берасце і пагуляць у парку з дзіцём, але чуў, што там у вас адбываюцца супрацькляшчовыя захады. Ці бяспечна будзе гуляць у парку? І як даведацца, што праходзіць апрацоўка?

– Усё папярэдне ўзгадняецца. І калі праводзіцца захад супраць кляшчоў, то там вывешваецца адмысловая аб’ява. Таму нічога страшнага тут няма, не пужайцеся, – распавялі заклапочанаму бацьку ў цэнтры.

У меркаваны час правядзення мітынгу ў парку ціша і спакой, ніякіх супрацькляшчовых захадаў не заўважана.
Фота: «Белсат»

На пошукі «аперацыі супраць кляшчоў» журналісты «Белсату» выправіліся ў парк самі: апыталі дзясяткі людзей, але так і не змаглі знайсці хаця б аднаго чалавека які бачыў альбо чуў пра гэта. Не знайшлі мы і спецыяльных аб’яваў, якія б сведчылі пра правядзенне адмысловых працаў.

У меркаваны час правядзення мітынгу ў парку ціша і спакой, ніякіх супрацькляшчовых захадаў не заўважана.
Фота: «Белсат»

– Мы пабачылі зараз, што гэта чарговая хлусня з боку ўладаў, яны нас проста падманваюць і прыдумляюць розныя мерапрыемствы, нават тыя, што не праводзяцца, каб не даць нам арганізаваць акцыі супраць акумулятарнага заводу. Цяпер мы будзем звяртацца ў Берасцейскі аблвыканкам і ў суд. Заўважу, што мы падаем заяўкі на правядзенне мітынгаў у тым ліку таму, каб паказаць, што ўлады ідуць на ўсё, каб не даць нам сабрацца, – сказаў Раман Кісляк «Белсату».

Раман Кісляк каментуе забарону мітынгаў.
Фота: «Белсат»

Нагадаем, берасцейскія актывісты звярнуліся да ўладаў з просьбай дазволіць ім правесці з 13 па 17 траўня 15 мітынгаў на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, але намеснік старшыні Берасцейскага гарвыканкаму Вадзім Краўчук забараніў іх, бо ў гэты час у парку быццам бы пройдуць захады супраць кляшчоў.

Адказ Берасцейскага гарадскога выканаўчага камітэту на запыт аб правядзенні мітынгу.
Фота: «Белсат»
Hавiны
У Берасці прыдумалі новую прычыну забараніць мітынг супраць акумулятарнага заводу
2019.05.12 15:25

Са студзеня мінулага года актывісты падалі больш за сотню заявак на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне акцыяў пратэсту. Улады санкцыянавалі толькі адзін мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» у красавіку 2018-га. Тады ў парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў прыйшло каля дзвюх тысячаў чалавек.

Дазволеная пляцоўка для пікетавання ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Фота: «Белсат»
Аб’ектыў
Берасцейцы абураныя: верагодна, што акумулятарны завод адчынены патаемна
2019.05.13 21:47

Больш за год берасцейцы пратэстуюць супраць запуску акумулятарнага заводу «iPower» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Пратэстоўцы сцвярджаюць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне. Завод не атрымаў дазвол на працу, але ёсць ускосныя сведчанні, што ён працуе нелегальна. Як нам стала вядома, да канца траўня на заводзе будзе працаваць чарговая прыёмачная камісія, ужо трэцяя па ліку.

АС, фота МХ belsat.eu

Стужка навінаў