Першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі заявіў, што Беларусь не мае патрэбы ў экстраным атрыманні крэдыту МВФ.
«Па вялікім рахунку, у Беларусі няма неабходнасці ў экстранным фінансаванні. У нас збалансаваная сітуацыя, мы досыць выразна абслугоўваем свае абавязкі. Нам не патрэбныя дадатковыя грошы. Узаемадзеянне з МВФ – гэта іншая гісторыя. МВФ традыцыйна ўспрымаецца інвестарамі, удзельнікамі рынку як такі глабальны аўдытар. Нам проста патрэбен дыялог з МВФ, каб яны пацвярджалі, што мы рухаемся ў правільным кірунку, што ніякіх пагроз для інвестараў няма. Вось асноўная задача», – адзначыў Васіль Мацюшэўскі падчас «Кастрычніцкага эканамічнага форуму».
Паводле яго слоў, дыялог з МВФ вядзецца.
«У нас пакуль разышліся бачанні па хуткасці рэалізацыі некаторых дзеянняў. І мы патлумачылі чаму: рэформы дзеля рэформы, напэўна, гэта няправільна. Рэформы праводзяцца для таго, каб павысіць эфектыўнасць чагосьці і атрымаць нейкі вынік, які будзе зразумелы і падтрыманы грамадствам. Гэта самае галоўнае. Калі рэформы не падтрымліваюцца грамадствам, лепш такія рэформы не праводзіць. Ёсць добры тэзіс: дыскрэдытацыя рэформаў горш, чым іх неправядзенне», – падсумаваў Мацюшэўскі, піша БелТА.
ІІ, belsat.eu