Венесуэльскі генерал, якога абвінавацілі ў наркатэрарызме, здаўся ЗША


Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, адстаўны венесуэльскі генерал Клівера Алкалу Кардонэса арыштаваны працаўнікамі Упраўлення па барацьбе з наркотыкамі (УБН) ЗША. Нагадаем, раней Вашынгтон афіцыйна абвінаваціў у наркатэрарызме прэзідэнта Нікаляса Мадуру і шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў Венесуэлы.

Reuters са спасылкай на ананімныя крыніцы піша, што Клівера Алкала Кардонэса добраахвотна здаўся працаўнікам УБН у Калумбіі і пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам. За дзень да гэтага амерыканскія ўлады абвесцілі ўзнагароду ў памеры $ 10 млн за інфармацыю, якая можа дапамагчы ў арышце генерала. Таксама ЗША паабяцалі $ 15 мільёнаў за інфармацыю, якая дапаможа арыштаваць Ніколяса Мадуру.

Вашынгтон абвінаваціў улады Венесуэлы ў наркатэрарызме, гандлі наркотыкамі, карупцыі і шэрагу іншых злачынстваў. Паводле амерыканскіх спецслужбаў, Мадура супрацоўнічае з калумбійскай экстрэмісцкай групоўкай FARC, каб «напоўніць ЗША какаінам». Для гэтага выкарыстоўваюцца авіябазы і паветраная прастора Венесуэлы. «Мадура наўмысна выкарыстоўваў какаін у якасці зброі… з мэтай падарваць здароўе нашых грамадзянаў і дабрабыт нашай краіны», – заявіў федэральны пракурор ЗША Джэфры Бермэн. Ён абвінаваціў Мадура і блізкіх да яго асобаў у наркатэрарыстычнай супрацы з FARC на працягу апошніх 20 гадоў.

Паводле амерыканскіх уладаў, Клівера Алкалу Кардонэса быў адным з тых, хто каардынаваў кантрабанду наркотыкаў. За гэта ён атрымліваў хабары ад групоўкі FARC. У гэтай схеме ён удзельнічаў з 2008 года. У 2013-м Алкала звольніўся з узброеных сілаў пасля смерці Уга Чавэса. Пазней генерал уцёк у Калумбію, дзе падтрымаў венесуэльскай лідара апазіцыі Хуана Гуаідо.

  • Венесуэла перажывае зацяжны эканамічны крызіс, які стаў вынікам палітыкі Нікаляса Мадура. У краіне гіперінфляцыя, людзям не стае ежы і лекаў, сотні тысяч венесуэльцаў эмігравалі. У канцы 2018 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, у якіх зноў перамог Мадура. Аднак апазіцыя і большасць краінаў Лацінскай Амерыкі перамогу Мадура не прызналі, бо не лічылі выбары свабоднымі і справядлівымі.
  • 23 студзеня 2019 года старшыня парламенту Венесуэлы Хуан Гуаідо заявіў аб адхіленні Нікаляса Мадура ад пасады прэзідэнта. Яго прызналі часовым кіраўніком Венесуэлы ЗША, амаль усе дзяржавы Паўднёвай Амерыкі і шмат якія еўрапейскія краіны. З таго часу ў Венесуэле існуе двоеўладдзе.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў