Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла ў наркатэрарызме і адмыванні грошай прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадуру і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў краіны, у ліку якіх старшыню вярхоўнага суда і міністр абароны. Пра гэта піша Бі-Бі-Сі.
Вашынгтон абвінаваціў ўлады Венесуэлы ў наркатэрарызме, гандлі наркотыкамі, карупцыі і шэрагу іншых злачынстваў.
Як паведаміў міністр юстыцыі Уільям Барр, амерыканскія ўлады прапанавалі $ 15 мільёнаў за інфармацыю, якая дапаможа арыштаваць Ніколяса Мадуру. Яшчэ $ 10 млн амерыканскія ўлады прапаноўваюць за інфармацыю наконт старшыні Канстытуцыйнай асамблеі Д’ёсдада Кабэлья, экс-кіраўніка вайсковай выведкі Уго Карвахала і міністра прамысловасці Тарэка эль-Айссамі.
Выступаючы на прэс-канферэнцыі, Барр заявіў, што Мадура супрацоўнічае з калумбійскай экстрэмісцкай групоўкай FARC, каб «напоўніць ЗША какаінам». Для гэтага выкарыстоўваюцца авіябазы і паветраная прастора Венесуэлы.
«Пакуль народ Венесуэлы пакутуе, гэтая кліка… напаўняе свае кішэні», – сказаў ён.
Паводле Барра, калумбійскія баевікі атрымалі падтрымку рэжыму Мадура, які дазваляе ім бяспечна знаходзіцца ў Венесуэле, адкуль яны могуць займацца кантрабандай какаіну.
«Мадура наўмысна выкарыстоўваў какаін у якасці зброі… з мэтай падарваць здароўе нашых грамадзянаў і дабрабыт нашай краіны», – заявіў федэральны пракурор ЗША Джэфры Бермэн.
Ён абвінаваціў Мадура і блізкіх да яго асобаў у наркатэрарыстычнай супрацы з ФАРК на працягу апошніх 20 гадоў. Грошы прадстаўнікі венесуэльскіх уладаў адмывалі праз банкі і нерухомасць у амерыканскай Фларыдзе.
Амерыканскае Упраўленне па барацьбе з наркотыкамі апублікавала на сваёй афіцыйнай старонцы ў Twitter інфармацыю пра ўзнагароду за інфармацыю, якая прывядзе да арышту і асуджэння Мадуры і венесуэльскіх топ-чыноўнікаў.
Millions in rewards for info leading to the arrest/conviction of high ranking Venezuelan officials charged with narco-terrorism, corruption & drug trafficking. Read more https://t.co/4MVuqh5fkW pic.twitter.com/RrBY7x4gUw
— DEA HQ (@DEAHQ) March 26, 2020
Мадура адхіліў абвінавачванні ўраду ЗША і назваў іх ілжывымі. Раней ён абвінаваціў ЗША і Калумбію ў змове супраць Венесуэлы і распальванні гвалту ў краіне.
ІІ belsat.eu