Валерый Цапкала: «Аніхто не мае права быць вышэй за закон»


Былы кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала сёння падаў дакументы на рэгістрацыю ў кандыдаты ў прэзідэнты. Ён перадаў у ЦВК 160 тысячаў подпісаў за сваё вылучэнне.

У каментары «Белсату» Валерый Цапкала зазначыў, што нерэгістрацыя яго як кандыдата будзе значыць, што выбары адмененыя.

«Мы вельмі спадзяемся, што асноўныя «рэйтынгавыя» кандыдаты будуць зарэгістраваныя», – падкрэсліў ён.

Валерый Цапкала перадусім плануе абапірацца на ініцыятыўнасць грамадзянскай супольнасці. Ён распавёў, што ўражаны неабыякавасцю беларусаў.

Валерый Цапкала падаў дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК, скрын

«Як яны праяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю, як яны запісваюцца ў актыў мясцовых камісіяў. Вельмі шмат з’явілася новых інструментаў праз развіццё інфармацыйных тэхналогіяў, якія здолеюць зрабіць працэдуру падліку галасоў больш празрыстай».

Ён падкрэсліў, што Канстытуцыя і выбарчае заканадаўства – перадусім.

«Мы мусім усе паважаць Канстытуцыю і выбарчае заканадаўства. І самае галоўнае – паважаць права беларускага народа на той палітычны курс, які ён хоча. Ягонае права абіраць кіраўніка, які павядзе беларускі народ на 5 год. Аніхто не мае права быць вышэй за закон».

Валерый Цапкала выказаўся і аб рэферэндуме, які ініцыявала каманда Віктара Бабарыкі. Ён зазначыў, што варта ім займацца ўжо пасля выбараў.

«Сёння можна патануць у бюракратычных працэдурах… Натарыяльна заверыць подпісы ўсіх чальцоў ініцыятыўнай групы, абраць пытанне на рэферэндум. Пры самым аптымістычным сцэнары гэтая справа зацягнецца прыкладна на 8 месяцаў. А да прэзідэнцкіх выбараў застаецца паўтары месяцы. Неабходна, каб усе кандыдаты сёння засяродзіліся на галоўным парадку дня. А сёння гэта – змена цяперашняга курсу», – сказаў Валер Цапкала.

  • Удзельнікі прэзідэнцкай гонкі, якія сабралі больш за неабходныя 100 тысячаў подпісаў, могуць падаць свае дакументы ў ЦВК да 4 ліпеня. Рэгістрацыя будзе праходзіць ад 5 па 14 ліпеня ўключна.
  • Апроч Валера Цапкала дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК падаў Віктар Бабарыка, які з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Сёлета выбары прэзідэнта пройдуць 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў