Літва можа прапанаваць Беларусі альтэрнатыву імпарту нафты і газу з Расеі. Пра гэта заявіў літоўскі міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус, піша BNS.
Такую заяву кіраўнік МЗС Літвы зрабіў неўзабаве пасля таго, як было пацверджана, што Беларусь будзе імпартаваць нафту з Нарвегіі праз Клайпедскі порт і з дапамогай Літоўскія чыгункі.
Паводле Лінкявічуса, ён планаваў абмеркаваць пытанні энергазабеспячэння падчас запланаванага візіту ў Мінск у пачатку лютага.
Таксама, адзначыў міністр, можна было б разгледзець і газавыя праблемы.
Нагадаем, што Беларуская нафтавая кампанія (БНК) купіла партыю нарвежскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. Нафту на Наваполацкі НПЗ даставяць чыгуначным транспартам.
Пастаўка нафты з Клайпеды ў напрамку Наваполацкага НПЗ можа абысціся Менску значна даражэй за імпарт па нафтаправодах – перавалка і транспарціроўка да завода па чыгунцы будуць каштаваць звыш $ 20 за тону.
МГ belsat.eu