Расея з 1 студзеня 2020 года спыніла падачу нафты для НПЗ Беларусі. Пра гэта паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на крыніцу ў нафтавай галіне Беларусі. Пазней гэтую інфармацыю belsat.eu пацвердзілі ў канцэрну «Белнафтахім».
«Транспартавання ў напрамку беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў няма», – паведаміла крыніца.
Паводле крыніцы, падача нафты спынілася з 1 студзеня 2020 года, а «бесперапынныя партыі скончыліся 31 снежня».
Пры гэтым суразмоўца агенцтва звярнуў увагу, што ў беларускага боку ёсць нафтавыя запасы і НПЗ пакуль працуюць у штатным рэжыме.
У канцэрны «Белнафтахім» пацвердзілі факт спынення паставак.
«Так, пастаўкі спыненыя. Цяпер актыўна працуем над заключэннем новых студзеньскіх кантрактаў. Але НПЗ сваю працу не спынялі. НПЗ працуюць у штатным рэжыме. Загрузка вытворчых магутнасцяў зніжаная да тэхналагічнага мінімуму», – распавялі belsat.eu у канцэрны.
У «Белнафтахіме» не ўдакладнілі, якімі абʼемамі запасаў нафты валодаюць НПЗ і на колькі гэтых запасаў хопіць без новых паставак з Расеі.
У звязку з адсутнасцю паставак нафты з Расеі з 1 студзеня Беларусь часова прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў.
Кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што калі пастаўкі нафты на беларускія НПЗ не адновяцца, то гэта будзе мець цяжкія наступствы для эканомікі Беларусі. Дзеянні Расеі ў інтэрв’ю belsat.eu ён назваў шантажом.
3 студзеня прадстаўніца аддзелу камунікацыяў Міністэрства транспарту Латвіі Івета Канцэна заявіла, што латвійскія прадпрыемствы гатовыя аказаць Беларусі паслугі па перагрузцы, захоўванню і транспартаванню нафты.
ІІ,ЮВ belsat.eu