1 ліпеня агенцтва «Tunis Afrique Presse» паведаміла пра затрыманне дваіх беларусаў, якіх падазраюць у шпіянажы.
Туніскае радыё «Mosaique» удакладняе, што следства супраць беларусаў распачалося пасля таго, як падазраваныя прыбылі ў Сфакс, другі па велічыні горад краіны, засяліліся ў гатэль і адмаўляліся пускаць у нумар каго-кольвек, у тым ліку абслугу.
Пасля гэтага адміністрацыя гатэлю паінфармавала спецслужбы, якія цягам двух тыдняў праводзілі назіранне, а пасля атрымалі ад суду дазвол на тое, каб увайсці і агледзець памяшканне.
У пакоі яны знайшлі пашпарты Украіны, Польшчы і Мальдываў, а таксама камп’ютары, мабільныя тэлефоны з сім-картамі розных аператараў ды іншае электроннае абсталяванне.
Прэсавы сакратар суду ў Сфаксе Мурад Туркі распавёў журналістам, што абсталяванне і пашпарты канфіскаваныя.
Пракуратура дала дазвол на арышт затрыманых.
Прэсавы сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз адмовіўся пракаментаваць «Белсату» гэтую справу.
«Спачатку станьце журналістамі з пункту гледжання МЗС, потым з вамі паразмаўляем», – заявілі нам у ведамстве.
У каментары радыё «Свабода» МЗС распавяло пра тое, што ведае пра паведамленне і «высвятляе сітуацыю».
ДД belsat.eu