З 12 лістапада ў Беларусі распачынаецца датэрміновае галасаванне па выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Прагаласаваць датэрмінова на выбарчых участках выбарнікі могуць да 16 лістапада.
Датэрмінова прагаласаваць могуць асобы, якія ў асноўны дзень выбараў не маюць магчымасць наведаць выбарчыя ўчасткі. Пры гэтым нейкага пацвярджэння прычынаў немагчымасці прыйсці на выбарчы ўчастак у асноўны дзень выбараў не патрабуецца. Выбарчыя ўчасткі для датэрміновага галасавання адчыненыя з 12 да 16 лістапада з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзінаў.
Пры гэтым ЦВК паведамляе, што датэрміновае галасаванне не ладзіцца на выбарчых участках у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, шпіталях.
Паводле незалежных назіральнікаў і праваабаронцаў, датэрміновае галасаванне дае магчымасці для фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Праз гэта падчас кожнай выбарчай кампаніі праваабронцы канстатуюць выпадкі ціску на вайскоўцаў, студэнтаў і дзяржслужбоўцаў, якіх змушаюць галасаваць датэрмінова.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.
СК belsat.eu